Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лютага 2018, 19:55

Белстат сфарміраваў дарожную карту па маніторынгу дасягнення МУР

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дарожная карта па маніторынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця створана ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Гэта стратэгічны дакумент, які складаецца з 6 асноўных раздзелаў, што прадугледжваюць стварэнне механізмаў для супрацоўніцтва, прадстаўленне справаздачнасці па паказчыках МУР, нарошчванне патэнцыялу і распаўсюджванне статыстыкі па Мэтах устойлівага развіцця. У бліжэйшы час дарожная карта будзе размешчана на сайце Белстата.

З 1 студзеня 2016 года Белстат актыўна падключыўся да глабальнай статыстычнай работы - арганізацыі маніторынгу Мэт устойлівага развіцця Беларусі. У цесным супрацоўніцтве з рознымі ведамствамі сфарміравана нацыянальная сістэма паказчыкаў для маніторынгу дасягнення МУР. Гэты пералік уключае 255 паказчыкаў, прызнаных актуальнымі для Беларусі, з іх 131 адпавядае глабальнаму пераліку МУР, яшчэ 94 паказчыкі заменены або дапоўнены ўскоснымі (так званымі проксі).

Выканаўцамі даных па паказчыках МУР вызначаны 26 дзяржаўных органаў і арганізацый, а ключавым з'яўляецца сам Белстат. Іх агульная задача - вызначыць парогавыя значэнні мэтавых паказчыкаў для краіны і распрацоўваць новыя дзяржаўныя праграмы, стратэгіі і планы, актуалізаваць дзеючыя праграмы з улікам глабальных мэт і індыкатараў.

Белстат ушчыльную падышоў да стварэння нацыянальнай платформы па прадстаўленні справаздачнасці па МУР. Яна стане асноўным інструментам для маніторынгу і распаўсюджвання даных аб індыкатарах МУР: будзе забяспечваць збор даных, іх кантроль, захоўванне і абарону інфармацыі, распаўсюджванне даных і метаданых. Нацыянальную платформу запусцяць у канцы 2018 года.

Азнаёміцца з нацыянальным пералікам паказчыкаў МУР, які сфарміраваны на бягучы момант (пакуль больш за трэць паказчыкаў глабальнага ўзроўню не маюць міжнароднай метадалогіі разліку), можна на рускай і англійскай мовах на сайце Белстата ў спецыяльным тэматычным раздзеле. Інфармацыя ў пераліку пастаянна абнаўляецца. Распрацоўкай метаданых займаецца створаная на 46-й сесіі Статыстычнай камісіі ААН Міжустаноўская экспертная група па паказчыках МУР. З ліпеня 2017 года Беларусь увайшла ў склад гэтай групы і разам з Расіяй прадстаўляе рэгіён Усходняй Еўропы.

Кожны грамадзянін можа паўдзельнічаць у абмеркаванні пытанняў устойлівага развіцця і ўнесці прапановы па паказчыках нацыянальнага пераліку на сайце Белстата, для гэтага арганізавана зваротная сувязь.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі