Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лютага 2020, 15:19

Белстат агучыў першыя даныя перапісу: нас больш за 9,4 млн

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Насельніцтва Беларусі складае крыху больш за 9,4 млн чалавек. Такія першыя даныя праведзенага ў мінулым годзе перапісу агучыла сёння журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Колькасць насельніцтва Беларусі, паводле даных бягучага ўліку, на 1 кастрычніка 2019 года складала 9 454 790 чалавек, а паводле даных перапісу - 9 413 446 чалавек. "Розніца невялікая: колькасць у параўнанні з бягучым улікам значна не змянілася, няма вялікага разыходжання. Розніца ў колькасці 41 тыс. чалавек датычыцца, у асноўным, знешняй міграцыі. Гэта тыя людзі, што больш за год працуюць за мяжой, куды выязджаюць з сем'ямі, якія пры гэтым застаюцца ў бягучым уліку. Па рэгіёнах асноўнае зніжэнне - з-за ўнутранай міграцыі", - адзначыла Іна Мядзведзева.

Карэкціроўка колькасці насельніцтва з дапамогай перапісу паказала прырост толькі ў Мінску і Мінскай вобласці. Дарэчы, сталіца стала ўжо горадам-двухмільённікам: у Мінску, згодна з перапісам, пражываюць больш за 2018 тыс. чалавек. Далей па колькасці ідзе сталічны рэгіён - больш за 1471 тыс., Гомельская вобласць - больш за 1388,5 тыс., Брэсцкая - больш за 1348 тыс., Віцебская - больш за 1135,7 тыс., Гродзенская - больш за 1026,8 тыс. Самая нешматлікая - Магілёўская вобласць з 1024,7 тыс. жыхароў. "Прырост па Мінску і вобласці абумоўлены тым, што ў гэтых рэгіёнах вышэйшы ўзровень даходаў, узровень жыцця. Адпаведна, сюды імкнуцца людзі з іншых рэгіёнаў", - дадала Іна Мядзведзева.

Пры гэтым яна падкрэсліла тэндэнцыю, характэрную для Мінска: пры натуральным змяншэнні насельніцтва тут усё роўна з году ў год удаецца дабівацца прыросту за кошт міграцыі.

Таксама сярод перапісаных асоб 20,5 тыс. іншаземцаў, якія ў гэты час знаходзіліся ў Беларусі. Размова аб тых грамадзянах, якія часова тут знаходзяцца: турысты, работнікі ў службовых камандзіроўках і г.д. Тыя ж іншаземцы, якія больш за год пражываюць у Беларусі, пры перапісе ўключаліся ў лік жыхароў рэспублікі, гэта значыць, яны ўваходзяць у агульную статыстыку насельніцтва.

Перапіс насельніцтва ў Беларусі праходзіў з 4 па 30 кастрычніка 2019 года пад лозунгам "Погляд на сучаснае - крок у будучае". На першым этапе можна было запоўніць апытальныя лісты самастойна праз інтэрнэт, на стацыянарным участку або нават на сваім працоўным месцы (па заяўцы арганізацыі на работу мабільных участкаў). Па дамашніх адрасах перапісчыкі рабілі абходы з 21 кастрычніка, працавалі з выкарыстаннем планшэтаў. На працягу ўсяго перыяду працавалі каля 650 стацыянарных участкаў.

"Упершыню перапіс праведзены на беспапяровай аснове, з выкарыстаннем ІТ-тэхналогій, мы былі першапраходцамі на тэрыторыі СНД. Прыменены камбінаваны падыход: інфармацыя з адміністрацыйных крыніц і апытанне насельніцтва. Прычым было прапанавана тры спосабы праходжання перапісу. Гэта маленькі трамплін для пераходу да рэгістравых перапісаў, якія сёння ўжо набіраюць абароты - іх прымяняюць паўночныя краіны Еўропы, тая ж Швецыя", - адзначыла Іна Мядзведзева.

Падыходы, якія прымяніў Белстат, карыстаюцца попытам у іншых краін. У прыватнасці, імі ўжо зацікавіліся Расія, Таджыкістан, Узбекістан і Туркменістан. "Акрамя таго, інтэрнэт-перапісам зацікавілася ўпраўленне нацыянальнай статыстыкі Вялікабрытаніі. І запытала даныя па інтэрфейсе, якія мы прадаставілі", - дадала Іна Мядзведзева.

Перапіс насельніцтва праводзіцца раз у 10 гадоў. У 2019 годзе рэспандэнтам прапанавалі адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб асноўных дэмаграфічных і нацыянальна-этнічных характарыстыках, міграцыйнай актыўнасці, адукацыі, крыніцах сродкаў да існавання, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах, гаспадарчай дзейнасці.

Сабраная інфармацыя - своеасаблівы зрэз і фактычная дэмаграфічная карціна краіны. Яна можа паслужыць для карэкціроўкі дарожных карт маштабных дзяржпраграм, сацыяльных і інфраструктурных праектаў як у цэлым па краіне, так і ў асобных рэгіёнах, населеных пунктах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі