Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 чэрвеня 2019, 18:31

Белкаапсаюз: сёння ў насельніцтва няма праблем, каб здаць клубніцы

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У людзей, якія займаюцца вырошчваннем клубніц, сёння няма праблем з тым, каб здаць ягаду. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Іваноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У бягучым годзе вельмі багаты ўраджай клубніц, і некаторыя вытворцы гэтымі днямі скардзіліся на цяжкасці са збытам ягад. Прэзідэнт пачуў людзей, паставіў строгую задачу МАРГ і Белкаапсаюзу ў сітуацыі разабрацца, трымаць яе на кантролі і працаваць з насельніцтвам. Сёння ўсе пытанні па закупцы і нарыхтоўцы ягад, у тым ліку прыватныя, зняты.

"Кіраўнік дзяржавы паставіў перад намі дакладную задачу - закупіць у насельніцтва ўсе лішкі клубніц, і мы гэта выканаем", - сказаў Валерый Іваноў. Цяпер пік сезона, закупляць клубніцы спажыўкааперацыя будзе яшчэ максімум дзён дзесяць. "Мы павінны забяспечыць людзям камфортныя ўмовы для рэалізацыі ягады", - падкрэсліў ён.

Да гэтага спажывецкая кааперацыя цалкам гатова, бо яшчэ да пачатку сезона ў Брэсцкай вобласці прайшла нарада з удзелам кіраўніцтва аблспажыўсаюза, раёнаў, сельскіх саветаў, у час якой былі разгледжаны ўсе арганізацыйныя пытанні, размеркаваны тэрыторыі нарыхтоўкі. "Таму сёння ў насельніцтва няма праблем, каб здаць клубніцы", - падкрэсліў Валерый Іваноў. Ён дадаў, што не толькі спажыўкааперацыя закупляе іх у грамадзян, але і перакупшчыкі, у прыватнасці, з Расійскай Федэрацыі.

У першыя некалькі дзён нарыхтоўкі ягаду ў насельніцтва спажыўкааперацыя закупляла даражэй, чым цяпер, - кілаграм таварнай ягады каштаваў Br5-10. Калі прапанаванне вырасла, цана, адпаведна, стала зніжацца. Сёння кошт таварнай ягады складае ад Br1-1,2 за кг, клубніцы, якія ідуць на прамысловую перапрацоўку, каштуюць Br0,5 за 1 кг. Так званую бочкавую ягаду, якая ў далейшым будзе выкарыстоўвацца прадпрыемствамі пры вырабе пладова-ягаднага віна, бяруць па Br0,3. "Вядома, насельніцтву хацелася б прадаць ягаду даражэй, але гэта значыць, што дарагой будзе яна і на прылаўку, і тады яе складана будзе рэалізаваць", - адзначыў Валерый Іваноў.

Цяперашні сезон можа стаць самым ураджайным за апошнія пяць гадоў, дадаў Валерый Іваноў. Багаты ўраджай клубніц збіраюць не толькі жыхары Брэсцкай вобласці, але і паўночных раёнаў краіны. Што ж датычыцца Лунінецкага раёна, то тут сёлета плануюць сабраць каля 10 тыс. т.

Паводле аператыўных даных на 17 чэрвеня, арганізацыямі спажыўкааперацыі нарыхтавана 781 т клубніц, у тым ліку больш за 389 т таварнай ягады. У рэсурсныя раёны Брэсцкай вобласці (Лунінецкі, Драгічынскі, Іванаўскі) на закупку ягады арганізацыямі спажыўкааперацыі накіравана больш за 70 адзінак аўтатранспарту. Для кантролю за сітуацыяй у гэтых раёнах і арганізацыі працэсу нарыхтоўкі клубніц у насельніцтва на перыяд масавага збору створаны рэспубліканскі штаб спажыўкааперацыі з пастаяннай прысутнасцю адказнага работніка штаба ў рэгіёне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі