Сцяг Субота, 17 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 красавіка 2025, 14:36

Белгідрамет: чарада халодных дзён у Беларусі завяршаецца, у выхадныя пацяплее

Фота з архіва
Фота з архіва
10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў бліжэйшыя дні пацяплее. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Цяпер захоўваецца халоднае надвор'е з тэмпературным фонам на 3-9 градусаў ніжэйшым за сярэднія шматгадовыя значэнні. Аднак пятніца завершыць чараду халодных дзён і ўжо ў бліжэйшыя выхадныя ў рэспубліку пачне вяртацца цяпло", - прагназуюць сіноптыкі.

У пятніцу 11 красавіка ноччу па захадзе рэспублікі пройдзе снег, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі - снег, мокры снег, дождж. Удзень месцамі можа быць слабы туман. На асобных участках дарог - галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ўначы - мінус 3 - мінус 8, пры праясненнях - мінус 9 - мінус 12, у заходніх раёнах ад нуля да мінус 2, максімальная ўдзень - плюс 1 - плюс 7 градусаў.

"У суботу пачынаючы з заходніх рэгіёнаў стануць паступаць цёплыя паветраныя масы. Ападкі будуць ісці ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, тэмпературны фон пачне паступова павышацца, і надвор'е стане больш нагадваць вясенняе", - адзначылі ў Белгідрамеце.

У суботу 12 красавіка ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі - дождж, мокры снег. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ўначы складзе мінус 4 - плюс 2, па поўначы да мінус 6, максімальная ўдзень - ад плюс 2 ва ўсходніх раёнах да плюс 12 градусаў у заходніх.

У нядзелю 13 красавіка будзе пераважна без ападкаў, толькі па паўночным усходзе рэспублікі невялікія кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Ноччу і раніцай у асобных раёнах могуць быць слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ўначы - ад мінус 3 па паўднёвым усходзе да плюс 6 па паўночным захадзе, максімальная ўдзень ад плюс 6 па ўсходзе да плюс 19 градусаў па паўднёвым захадзе.

"У поўнай меры пацяпленне праявіць сябе ў пачатку новага тыдня, калі слупкі тэрмометраў на сярэдзіну дня паднімуцца да плюс 12-19 градусаў, а месцамі нават пераадолеюць дваццаціградусную адзнаку. Цёплымі стануць і ночы. Пры гэтым у няўстойлівым паветры ў асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы. У сераду не выключана верагоднасць навальніц", - расказалі ў Белгідрамеце.

У панядзелак 14 красавіка ўначы будзе пераважна без ападкаў, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах можа быць слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ўначы складзе 2-9 са знакам плюс, па ўсходзе - мінус 2 - плюс 1, максімальная ўдзень - 12-19, па паўднёвым захадзе 20-22 градусы цяпла.

У аўторак 15 красавіка ўначы месцамі, удзень пераважна па заходняй палавіне краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах можа быць слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ўначы - 4-11 градусаў цяпла, максімальная ўдзень - 11-18, месцамі - 19-22 градусы вышэй за нуль.

У сераду 16 красавіка месцамі па рэспубліцы чакаюцца кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах можа быць слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ўначы - 5-12, максімальная ўдзень - 11-18, месцамі 19-23 градусы цяпла.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі