2 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта 4-17 снежня правёў сацыялагічнае апытанне наконт чаканняў беларусаў ад 2019 года. Яго, як паказала даследаванне, жыхары Беларусі сустракалі пераважна з добрым настроем, пачуццём аптымізму. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў ІАЦ.
Апытанне праводзілася сярод дарослага насельніцтва Беларусі - ад 18 гадоў і старэйшых. На пытанне, з якім пачуццём сустракаеце Новы год, 64 працэнты рэспандэнтаў адказалі, што хутчэй з добрым настроем, пачуццём аптымізму.
Каля чвэрці апытаных (28 працэнтаў) напярэдадні свята не адчувалі асаблівых эмоцый. Песімістычныя чаканні былі характэрны толькі для 5 працэнтаў.
У ІАЦ звярнулі ўвагу, што з 2019 годам беларусы звязваюць пераважна пазітыўныя чаканні. "Большасць грамадзян (73 працэнты) глядзіць у будучыню з аптымізмам, мяркуючы, што 2019 год для краіны складзецца ўдала, а тое, што ён будзе няўдалым (цяжкім), лічаць 13 працэнтаў апытаных", - праінфармавалі ў цэнтры.
Найбольш высокая доля аптымістычна настроеных грамадзян назіраецца сярод моладзі да 30 гадоў - 87 працэнтаў. Вераць у асабісты поспех у 2019 годзе 78 працэнтаў беларусаў. Лічаць, што год складзецца для іх цяжка, толькі 7 працэнтаў грамадзян.
Напярэдадні свята беларусы расказалі пра свае навагоднія жаданні. Перш за ўсё людзі хацелі б палепшыць сваё здароўе і матэрыяльнае становішча (42 працэнты і 39 працэнтаў адпаведна). Радзей яны будавалі планы, звязаныя з паляпшэннем бытавых умоў, адпачынкам, змяненнем ладу жыцця. "Цікава, што сярод моладзі ва ўзросце 18-29 гадоў плануе стварыць сям'ю, абзавесціся дзіцем у 2019-м практычна кожны трэці - 30,5 працэнта", - падкрэслілі ў ІАЦ.
Аб'ём выбаркі апытання складае 1 тыс. рэспандэнтаў. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,1 працэнта.-0-