Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 лістапада 2019, 17:25

Беларусы прадставяць 10 распрацовак у фінале праекта "100 ідэй для СНД"

13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы прадставяць інавацыйныя распрацоўкі ў фінале міжнароднага маладзёжнага праекта "100 ідэй для СНД" у Баку (Азербайджан), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА каардынатар рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу БРСМ "100 ідэй для Беларусі" Наталля Сталпінская.

"Выстаўка-прэзентацыя "100 ідэй для СНД" будзе арганізавана ў спартыўна-канцэртным комплексе Баку "Крышталь Хол" 14-15 лістапада. Гэта доўгачаканая і знакавая падзея ў галіне маладзёжнага супрацоўніцтва і падтрымкі маладзёжных ініцыятыў. У экспазіцыю ўвойдуць 10 распрацовак беларусаў. Уся наша моладзь - пераможцы рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі" па выніках 2017 і 2018 гадоў", - расказала Наталля Сталпінская.

У гэтым годзе работы маладых наватараў з Беларусі будуць прадстаўлены ў шасці кластарах: "Бія- і нанаіндустрыя", "Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі", "Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка", "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць", "Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць", "Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера".

"Напрыклад, малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Аляксей Бакуновіч прэзентуе "Электронны атлас "Зажыўленне паўнаслойнай скурнай раны: мікраанатомія і гісталогія". У беларускую экспазіцыю ўвайшоў і аўтарскі праект "Сучаснае атраўматычнае пакрыццё з іонамі серабра для лячэння ран" кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандра Глуткіна", - адзначыла каардынатар рэспубліканскага конкурсу.

Экспертны савет ацэніць актуальнасць распрацовак, навізну, арыгінальнасць аўтарскіх канцэпцый і практычных рэкамендацый. Вынікі плануецца падвесці ў дзень абароны аўтарскіх праектаў 15 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання.

Міжнародны маладзёжны праект "100 ідэй для СНД" накіраваны на павышэнне грамадскай значнасці маладзёжных навукова-творчых ініцыятыў. Яго мэта - стварэнне спрыяльных умоў для рэалізацыі творчага і навуковага патэнцыялу, стымуляванне дасягненняў моладзі краін СНД, прыцягненне яе да даследчай і вынаходніцкай дзейнасці.

Праект, ініцыіраваны ў 2013 годзе БРСМ, падтрымаў Савет па справах моладзі СНД. Конкурс праводзіцца з 2014-га раз у два гады і складаецца з адборачнага нацыянальнага этапу і міжнароднага фіналу. Першая выстаўка-прэзентацыя "100 ідэй для СНД" праходзіла ў красавіку 2016 года ў Беларусі, у час пасяджэння Савета па справах моладзі дзяржаў - удзельніц Садружнасці, прысвечанага 25-годдзю Садружнасці і 10-годдзю Савета па справах моладзі СНД.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі