Сцяг Серада, 1 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 красавіка 2024, 15:30

Беларусы перамаглі на алімпіядзе па ваеннай гісторыі сярод курсантаў ВНУ краін СНД

12 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце падвялі вынікі VIII Міжнароднай алімпіяды курсантаў адукацыйных арганізацый вышэйшай адукацыі па ваеннай гісторыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У фінале прынялі ўдзел нацыянальныя каманды курсантаў ваенна-навучальных устаноў краін СНД - з Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана. У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэмай алімпіяды была выбрана аперацыя "Баграціён". На працягу некалькіх дзён маладыя людзі змагаліся адзін з адным за званне самага падкаванага ў веданні ваеннай гісторыі. У няпростай барацьбе перамога дасталася прадстаўнікам Ваеннай акадэміі Беларусі.

"Прыемна, што курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь на алімпіядзе занялі першае месца, паказаўшы ў даволі складанай барацьбе вельмі добрыя веды ваеннай гісторыі, - адзначыў намеснік міністра абароны Беларусі Андрэй Жук. - Не ведаючы гісторыі, у тым ліку ваеннай гісторыі, немагчыма пабудаваць будучыню. Можна ганарыцца нашымі суайчыннікамі, гісторыю курсанты ведаюць. Светлае будучае, якое яны будуць будаваць як новае пакаленне, будзе дастойным дзядоў і прадзедаў".

Паводле слоў курсанта Ваеннай акадэміі Беларусі Ягора Арахоўскага, канкурэнцыя на алімпіядзе была вялікай. Удзельнікі змагаліся за кожны бал. "Веды павінны быць даволі глыбокімі. Былі асновы не толькі таго, як праводзілася сама аперацыя "Баграціён" і як гэта выкладалася ў планах, але і тое, як у сваіх мемуарах апісвалі ўспаміны аб падзеях камандуючыя, камандзіры карпусоў і г.д. Мы павінны былі ведаць усе тонкасці. Вельмі рады перамозе, не перадаць словамі гэтыя эмоцыі", - расказаў беларус. Ён дадаў, што каманда для падрыхтоўкі звярталася да вялікай колькасці крыніц інфармацыі, і вынік упартай працы сябе апраўдаў.

Саперніцтва паміж удзельнікамі было толькі пры выкананні заданняў алімпіяды. У астатні час хлопцы дружалюбна размаўлялі, разам гулялі. "Заканчваўся тур, збіраліся разам і дружна абмяркоўвалі нейкія пытанні. Наведалі Брэсцкую крэпасць, V форт, пагулялі па Брэсце, асабліва спадабалася вуліца Савецкая", - падзяліўся Ягор Арахоўскі.

Курсант Ваеннай акадэміі Беларусі Аляксей Шымчык заваяваў на алімпіядзе па ваеннай гісторыі першае месца ў асабістым першынстве. Перамога далася хлопцу вялікай працай. "У апошнім туры было вельмі цяжка, за кожны бал трэба было змагацца, каб мець адрыў ад канкурэнтаў. Сур'ёзна рыхтаваліся да алімпіяды. Штодзень займаліся, вывучалі літаратуру, глядзелі дакументальныя фільмы. Кожнаму афіцэру трэба ведаць сваю гісторыю, гісторыю вызвалення Беларусі, гераізму і стойкасці нашага народа. Гэта яшчэ і веданне тактыкі, стратэгіі, ваеннага мастацтва", - лічыць курсант.

Замежныя ўдзельнікі алімпіяды пазнаёміліся з жыццём і бытам, культурай беларускага народа. "Ва ўсіх засталіся самыя добрыя ўражанні пра Брэст і ў цэлым пра нашу краіну. У прадстаўнікоў краін, якія прымалі ўдзел у алімпіядзе, адзіныя каштоўнасці, у нас агульная гісторыя", - падкрэсліў намеснік міністра абароны Беларусі Андрэй Жук.

На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" сёння адбылася цырымонія ўшаноўвання пераможцаў і прызёраў і закрыцця міжнароднай алімпіяды па ваеннай гісторыі. Прадстаўнікі каманд усклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць абаронцаў Айчыны мінутай маўчання.-0-
Фота Вадзіма Якубёнка
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі