Сцяг Серада, 24 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 чэрвеня 2024, 16:55

Беларускія вучоныя за год распрацавалі дзевяць клетачных прадуктаў для лячэння розных захворванняў

Фота з архіва
Фота з архіва
11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усяго ў краіне зарэгістравана 16 біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, з іх сем - нашы распрацоўкі. А за апошні год мы распрацавалі яшчэ дзевяць клетачных прадуктаў для лячэння самых розных захворванняў. Ідзе працэс іх дзяржаўнай рэгістрацыі. Такой інфармацыяй у час прэс-канферэнцыі "Дасягненні беларускай навукі ў галіне біятэхналогій: актуальныя распрацоўкі і іх практычнае прымяненне" падзяліўся дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Ганчароў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы з'яўляемся адной з вядучых арганізацый краіны ў галіне распрацоўкі і прымянення біямедыцынскіх клетачных прадуктаў. Мы маем як лабараторныя комплексы, так і аддзяленні клетачнай тэрапіі, дзе клетачныя прадукты непасрэдна выкарыстоўваюцца для лячэння пацыентаў", - удакладніў Андрэй Ганчароў.
Сумесна з арганізацыямі Міністэрства аховы здароўя вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі распрацавалі метады лячэння цяжкіх захворванняў з выкарыстаннем клетачных прадуктаў. У пераліку - рак ныркі і мачавога пузыра, цукровы дыябет І тыпу, сістэмны склероз, дэфекты касцей і не толькі. "Гэта тыя метады тэрапіі, якія паказаны пацыентам у выпадку неэфектыўнасці стандартнай тэрапіі па клінічных пратаколах", - дадаў вучоны.

Апошнія некалькі гадоў супрацоўнікі Інстытута, акрамя распрацоўкі біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, шмат часу ўдзяляюць вірусалогіі. Менш як год таму ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі быў адкрыты Цэнтр эксперыментальнай вірусалогіі, дзе даследчыкі працуюць над стварэннем вакцын. Нягледзячы на ​тое, што з'явіўся цэнтр не так даўно, ён ужо вызначыўся двума значнымі дасягненнямі: на яго базе была створана вакцына супраць грыпу, а таксама платформа на аснове адэнавірусаў для распрацоўкі самых розных вакцын, якія прымяняюцца ў медыцыне і ветэрынарыі.

"Мы прадаўжаем працаваць над айчынным варыянтам вакцыны супраць грыпу. Ужо гатовы першыя прататыпы вакцын супраць сезоннага грыпу і супраць грыпу H5N1. Цяпер наша работа набыла асаблівую актуальнасць, паколькі чакаецца, што ў будучым свет накрые пандэмія, верагодней за ўсё, пандэмія грыпу, - мяркуе Андрэй Ганчароў. - У Злучаных Штатах хуткімі тэмпамі распаўсюджваецца вірус H5N1 - выпадкі заражэння зафіксаваны ў дзевяці штатах. Захворваюць людзі і жывёлы. Калі раптам адбудзецца мутацыя віруса або яго рэкамбінацыя з іншымі вірусамі, то ў выніку мы можам атрымаць пандэмію, якая па ступені ўплыву на эканоміку і жыцці людзей будзе нават больш разбуральнай, чым эпідэмія COVID-19. У сувязі з гэтым супрацоўнікі інстытута ўдзяляюць самую пільную ўвагу распрацоўцы вакцыны".

Акрамя таго, як адзначалася, вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН шукаюць падыходы да стварэння вакцын на аснове адэнавірусных вектараў, што дасць магчымасць распрацоўваць лякарствы супраць практычна любых захворванняў. Такія вакцыны, паводле чаканняў стваральнікаў, будуць вызначацца высокай імунагеннасцю і хуткасцю распрацоўкі.

Развіццё біятэхналогій у Беларусі дэманструе прарыўныя адкрыцці, перш за ўсё ў аграрным сектары і ахове здароўя. У прыватнасці, у Нацыянальнай акадэміі навук арганізаваны вытворчасці інавацыйных біяпрэпаратаў шырокага пераліку: для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, нарыхтоўкі кармоў, прафілактыкі і лячэння жывёл, ачысткі сцёкавых вод. У сферы аховы здароўя створаны вытворчасці айчынных лекавых прэпаратаў, заснаваных на ўласных тэхналогіях ферментнага сінтэзу злучэнняў з проціпухліннай і імунастымулюючай актыўнасцю.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі