Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 кастрычніка 2019, 13:51

Беларускія вучоныя вывучаюць праблемы забеспячэння кіслародам тканак чалавека

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя вывучаюць праблемы забеспячэння тканак чалавека кіслародам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэтым пытаннем актыўна займаюцца вучоныя з Інстытута фізікі НАН Беларусі. "У Цэнтры фатонікі і фотахіміі малекул Інстытута фізікі метадамі лазернай кінетычнай спектраскапіі даследуюцца працэсы і рэакцыі з удзелам малекулярнага кіслароду. Галоўная ўвага ўдзяляецца яго рэакцыям з малекуламі гемаглабіну, міяглабіну і цытахром с-аксідазы. Сумеснымі намаганнямі гэтых гембялкоў забяспечваецца як дастаўка малекулярнага кіслароду са знешняга асяроддзя ў клеткі тканак, так і рэакцыя аднаўлення малекулы кіслароду да вады. Большасць жывых арганізмаў выкарыстоўвае гэту рэакцыю для атрымання энергіі", - сказалі ў прэс-службе.

Акрамя таго, у цэнтры вядуцца даследаванні малекулярнага кіслароду ў яго ўзбуджаным сінглетным стане. Гэта актыўная форма кіслароду мае ключавую ролю ў працэсах, якія праходзяць пры фотадынамічным разбурэнні пухлінных клетак. Для прамога назірання за малекуламі сінглетнага кіслароду ў Інстытуце фізікі створаны высокаадчувальны лазерны дазіметр, які дае магчымасць адсочваць з'яўленне і знікненне гэтай актыўнай формы кіслароду ў працэсе фотадынамічнай тэрапіі.

Такія даследаванні вельмі актуальны і праводзяцца ва ўсім свеце. У бягучым годзе лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па медыцыне і фізіялогіі сталі брытанец Пітэр Рэткліф і амерыканцы Уільям Кэлін і Грэг Семенза. Прэмію прысудзілі за высвятленне рэакцыі жывёльных клетак на змяненне ўзроўню кіслароду ў навакольным асяроддзі і механізм іх адаптацыі да яго дэфіцыту. Вучоныя ўстанавілі малекулярны механізм, які рэгулюе актыўнасць генаў у адказ на розныя ўзроўні кіслароду. Іх даследаванні могуць дапамагчы ў распрацоўцы новых стратэгій у барацьбе з анеміяй, ракам і іншымі цяжкімі хваробамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі