Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 сакавіка 2012, 18:21

Беларускія вучоныя распрацавалі новыя імпартазамяшчальныя прэпараты для ветэрынарыі

19 сакавіка. Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Спецыялісты Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацавалі новыя імпартазамяшчальныя ветэрынарныя прэпараты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях.

Сярод навінак - "Бацыніл", "Білавет", "Ветаспарын". Іх прымяненне ў аграпрамысловым комплексе Беларусі дапаможа скараціць імпарт дарагіх замежных аналагаў, забяспечыўшы ўнутраны рынак прадукцыяй уласнай вытворчасці, а таксама арганізаваць яе пастаўкі ў іншыя краіны.

Як растлумачыла галоўны вучоны сакратар Інстытута мікрабіялогіі НАН Алена Балотнік, доследныя партыі новых ветпрэпаратаў ужо выпушчаны, праводзяцца падрыхтоўчыя работы да іх серыйнай вытворчасці.

"Бацыніл" будуць прымяняць на жывёлагадоўчых комплексах для лячэння парушэнняў мікрафлоры страўнікава-кішачнага тракту і падтрымання імуннай сістэмы пры захворваннях буйной рагатай жывёлы і свіней. Чакаецца, што прымяненне прэпарата дасць магчымасць знізіць захваральнасць на энтэрыты - запаленчыя захворванні тонкай кішкі - на 25-30 працэнтаў, зменшыць працягласць хваробы ў два разы. "Ветаспарын" эфектыўны пры лячэнні захворванняў сельскагаспадарчых жывёл з гнойнымі пашкоджаннямі скуры і капытоў. Прэпарат дапаможа змагацца з шырокім спектрам шкодных патагенных і ўмоўна-патагенных мікраарганізмаў, у тым ліку сальманелай і стафілакокамі. Выздараўленне жывёлы пры гэтым наступае ў сярэднім на 8 дзён раней. "Білавет" - гэта вадкі прабіятычны прэпарат на аснове малочнакіслых і біфідабактэрый, які выступае аналагам кармавых антыбіётыкаў. Ён прызначаны для маладняку сельскагаспадарчай жывёлы і птушкі, стымулюе іх рост і развіццё, мае імунакарыгіруючы эфект, паляпшае абмен рэчываў, павялічвае засваяльнасць кармоў, зніжаючы пры гэтым захваральнасць жывёл на 40-45 працэнтаў.

Інавацыі распрацаваны па дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграме "Прамысловыя біятэхналогіі". Інстытут мікрабіялогіі НАН выступіў асноўным яе выканаўцам. У праграму ўвайшлі праекты па стварэнню і асваенню ў вытворчасці энерга- і рэсурсаёмістых тэхналогій атрымання біяпрэпаратаў новага пакалення і ўкараненню іх у розных галінах народнай гаспадаркі для павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі