Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 красавіка 2013, 15:28

Беларускія вучоныя могуць удасканаліць Вялікі адронны калайдар

16 красавіка, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Беларускія вучоныя прымуць удзел ва ўдасканаленні Вялікага адроннага калайдара. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў (БРФФД) Валянцін Арловіч. Ён прымае сёння ўдзел у сумесным пасяджэнні навуковага і папячыцельскага саветаў фонду.

"Беларускія вучоныя прымуць удзел ва ўдасканаленні паскаральніка элементарных часціц, а таксама ў распрацоўцы новых тэарэтычных падыходаў да апісання фізічных працэсаў і іх прагназавання", - сказаў ён.

Цяпер паскаральнік заражаных часціц спынены з мэтай правядзення яго мадэрнізацыі. Яна зойме каля двух гадоў. Пасля ўдасканалення Вялікі адронны калайдар павінен пачаць працаваць на поўную моц.

За апошнія гады беларускай навукай атрыманы сур'ёзныя вынікі. Айчынныя вучоныя ўнеслі ўклад у адкрыццё базона Хігса. Сярод 19 беларускіх суаўтараў адкрыцця 11 - грантатрымальнікі БРФФД.

Даследчыкі краіны таксама ўдастоіліся сусветнага прызнання за развіццё такога навуковага напрамку, як нанаэлектрамагнетызм. Гэты навуковы тэрмін уведзены ў абарот беларускімі вучонымі. У рамках гэтага напрамку вырашаюцца як фундаментальныя, так і прыкладныя задачы, у тым ліку стварэнне новых функцыянальных матэрыялаў для радыёэлектронікі, оптаэлектронікі і фатонікі.

У 2012 годзе Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў падтрымаў 1250 праектаў. Такая ж колькасць праектаў атрымае фінансавую дапамогу ў бягучым годзе. Аб'ёмы фінансавання БРФФД у 2013 годзе павялічаны ў 1,6 раза. "Работы вядуцца па ўсіх перспектыўных напрамках: ад фізікі да гуманітарных навук", - адзначыў старшыня навуковага савета.

Сярод перспектыўных - праекты ў галіне оптыкі, стварэння новых тыпаў лазераў, біялогіі, сельскай гаспадаркі і біятэхналогій. Буйны цыкл работ звязаны з развіццём у Беларусі нанатэхналогій.

У апошнія гады БРФФД была падтрымана серыя тэарэтычных і эксперыментальных праектаў беларускіх вучоных, накіраваных на стварэнне ў складзе Вялікага адроннага калайдара мегаўстановак ATLAS і CMS, фарміраванне, абгрунтаванне і развіццё фізічнай праграмы эксперыментаў, якія прывялі да адкрыцця базона Хігса. У гэтых праектах удзельнічалі вучоныя з Інстытута фізікі НАН Беларусі, Нацыянальнага цэнтра фізікі часціц высокіх энергій БДУ, НДІ ядзерных праблем БДУ.

У 2012 годзе тры беларуска-расійскія калектывы атрымалі прэміі Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У прыватнасці, вучоныя ўдастоіліся гэтай узнагароды за даследаванні ў галіне нанаструктураваных парашковых канструкцыйных матэрыялаў і пакрыццяў.

Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі і БДУ разам з удзелам украінскіх вучоных стварылі навуковыя асновы спадарожнікавага маніторынгу расліннага покрыва Беларусі, уключаючы метады высокадакладнай каліброўкі касмічнай апаратуры і прасторава-часавую візуалізацыю інфармацыі аб стане сельгасугоддзяў, аб развіцці і наступствах экстрэмальных сітуацый (засухі, пажары, паводкі і да т.п.). Такая інфармацыя важна для Мінсельгасхарча, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, страхавых і іншых арганізацый.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі