Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 красавіка 2020, 18:00

Беларускія ВНУ праводзяць дні адкрытых дзвярэй анлайн

1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ВНУ праводзяць дні адкрытых дзвярэй у фармаце анлайн, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

"Абітурыенты і іх бацькі могуць задаць пытанні, якія датычацца асаблівасцей паступлення ў 2020 годзе, - расказалі ў прэс-цэнтры. - Анлайн-сустрэчы з кіраўнікамі ВНУ, дэканамі факультэтаў, выкладчыкамі і сакратарамі прыёмных камісій арганізаваны для таго, каб абітурыенты маглі азнаёміцца з прапановамі ВНУ і вызначыцца, куды падаваць дакументы ў час прыёмнай кампаніі".

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка праводзіць дні адкрытых дзвярэй дыстанцыйна з 31 сакавіка па 3 красавіка. Акрамя таго, 4 красавіка адбудзецца анлайн-канферэнцыя з прыёмнай камісіяй, у час якой абітурыентам і іх бацькам раскажуць аб правілах, тэрмінах і лічбах прыёму, прахадных балах 2019 года, ільготах пры паступленні. На сайце ўніверсітэта размешчаны тэхнічныя патрабаванні для падключэння да анлайн-мерапрыемства.

4 красавіка дзень адкрытых дзвярэй анлайн правядзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Абітурыентам прапануюць азнаёміцца з ВНУ, наведаць аўдыторыі і лабараторыі на віртуальнай экскурсіі. Сваё пытанне можна задаць загадзя ў Instagram БДУІР (раздзел "Задаць пытанне" на сайце "Электронны абітурыент") і ў час прамога эфіру ў чаце на YouTube-канале. Адказы на распаўсюджаныя пытанні, якія не прагучаць у прамым эфіры, будуць апублікаваны ў Telegram БДУІР.

Дні адкрытых дзвярэй пройдуць у анлайн-рэжыме ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Факультэты правядуць прамыя трансляцыі, тэлефонныя гарачыя лініі і актывізуюць стасункі ў афіцыйных акаўнтах сацыяльных сетак. З падрабязнай інфармацыяй аб фармаце і часе правядзення дзён адкрытых дзвярэй у анлайн-рэжыме можна азнаёміцца на сайтах факультэтаў БДУ.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце дзень адкрытых дзвярэй прайшоў 28 сакавіка. У час трансляцыі перад абітурыентамі выступілі дэканы ўсіх факультэтаў ВНУ, якія расказалі пра асаблівасці паступлення, навучання, спецыяльнасці на факультэтах. Азнаёміцца з ходам анлайн-трансляцыі можна на афіцыйным YouTube-канале БДЭУ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі