
27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі воінскі кантынгент, які прыме ўдзел у сумесным вучэнні з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ "Узаемадзеянне-2022", спецыяльным вучэнні з сіламі і сродкамі разведкі "Пошук-2022", спецыяльным вучэнні з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння "Эшалон-2022", накіраваўся ў Казахстан. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
Тры вучэнні праходзяць комплексна на палігоне Матыбулак у Казахстане з 26 верасня па 13 кастрычніка. У ходзе спецыяльнага вучэння "Эшалон-2022" будуць адпрацоўвацца пытанні арганізацыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
Спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі разведкі "Пошук-2022" накіравана на адпрацоўку пытанняў арганізацыі і вядзення разведкі ў інтарэсах падрыхтоўкі і правядзення сумеснай аперацыі. Удзельнікі сумеснага вучэння "Узаемадзеянне-2022" адпрацуюць пытанні падрыхтоўкі і правядзення сумеснай аперацыі па лакалізацыі прыгранічнага ўзброенага канфлікту.
У вучэннях прымуць удзел не толькі ваеннаслужачыя ад Узброеных Сіл. Задзейнічаны прадстаўнікі фарміраванняў сіл спецыяльнага прызначэння - ад унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў і ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якія ўваходзяць у склад Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання.-0-