Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 снежня 2021, 14:44

Беларускія ўрачы выратавалі 2-месячнае дзіця з цяжкай пнеўманіяй, выкліканай каранавірусам

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ўрачы выратавалі 2-месячнае дзіця з цяжкай пнеўманіяй, выкліканай каранавірусам, паведаміў журналістам дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта першы выпадак у Беларусі і, верагодна, у СНД", - адзначыў Канстанцін Драздоўскі.

Дзіця з вельмі цяжкай пнеўманіяй, выкліканай каранавірусам, лячылася ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. "На жаль, усе рэанімацыйныя мерапрыемствы, у тым ліку штучная вентыляцыя лёгкіх (ШВЛ), былі неэфектыўныя і калегі звярнуліся за дапамогай у наш цэнтр, - расказаў дырэктар РНПЦ. - Выехала брыгада экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі (ЭКМА). Туды прывезлі апарат ЭКМА, падключылі да яго дзіця і транспартавалі да нас у цэнтр".

Шэсць дзён немаўля знаходзілася ў РНПЦ на апараце ЭКМА, а пасля адключэння ад яго яшчэ шэсць дзён - на ШВЛ. Цяпер дзяўчынка сама дыхае, есць, знаходзіцца побач з мамай і ідзе на папраўку.

На момант падключэння да апарата ЭКМА дзіцяці было ўсяго два месяцы, удакладніў Канстанцін Драздоўскі. "Гэта "ювелірны" выпадак. Зразумела, ёсць даволі вялікая праблема падключыць апарат з-за ўзросту дзіцяці. Нам, на шчасце, гэта ўдалося", - сказаў ён. У цэлым жа выпадак сам па сабе ўнікальны: дзеці ў меншай ступені хварэюць на каранавірус і ў іх такіх цяжкіх форм практычна не бывае. "У гэтым выпадку адзіны спосаб выратавання дзіцяці, у якога была вельмі цяжкая, з пагрозай для жыцця, пнеўманія, - падключэнне апарата ЭКМА", - дадаў дырэктар цэнтра.

Калі лячэнне малышкі пойдзе згодна з планам, у хуткім часе яе перавядуць з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі ў звычайнае. І калі стан дзіцяці дасць магчымасць, яна прадоўжыць лячэнне па месцы жыхарства, хутчэй за ўсё, у Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі