Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 лютага 2019, 13:21

Беларускія студэнты праходзяць практыку на Растоўскай АЭС

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта праходзяць практыку на Растоўскай АЭС у Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт наладзіў супрацоўніцтва з АТ "Канцэрн Расэнергаатам", у структуру якога ўваходзяць усе расійскія атамныя электрастанцыі. Цяпер 8 студэнтаў пятага курса ўніверсітэта знаёмяцца з Растоўскай АЭС. Спецыялісты станцыі дзеляцца практычнымі напрацоўкамі і ведамі ў галіне сістэм і абсталявання рэактарнага і турбіннага цэхаў, кіравання энергаблокам пры мадэляванні няштатнай сітуацыі, сістэм кантролю на АЭС. Вучэбная праграма складзена так, каб студэнты атрымалі і замацавалі практычныя веды, якія спатрэбяцца ім у далейшай вытворчай дзейнасці.

БНТУ сярод беларускіх універсітэтаў рыхтуе асноўную колькасць спецыялістаў для атамнай энергетыкі. Студэнты атрымліваюць тэарэтычныя веды, праходзяць вытворчую практыку. "Падрыхтоўцы персаналу для Беларускай АЭС надаецца першараднае значэнне. У радах супрацоўнікаў БелАЭС з кожным годам становіцца ўсё больш выпускнікоў беларускіх вышэйшых устаноў адукацыі, у тым ліку і БНТУ. Працоўны калектыў нашага прадпрыемства папаўняецца маладымі і перспектыўнымі спецыялістамі. У кантэксце якаснай падрыхтоўкі персаналу стажыроўка на дзеючай АЭС адыгрывае вельмі важную ролю", - растлумачыў намеснік начальніка вучэбна-трэніровачнага цэнтра БелАЭС Аляксандр Ерын.

Дзяржпраграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі распрацавана ў Беларусі ў 2008 годзе. Навучаюць маладых спецыялістаў у 13 навучальных установах краіны - універсітэтах і каледжах, з якімі супрацоўнічае Беларуская АЭС. Першы выпуск падрыхтаваных па праграме спецыялістаў-атамшчыкаў адбыўся ў 2013 годзе. За пяць гадоў на Беларускую АЭС прыняты 264 маладыя спецыялісты, яны працуюць практычна ў кожным структурным падраздзяленні службы галоўнага інжынера, кіраўніцтва капітальнага будаўніцтва станцыі.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі