Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 чэрвеня 2020, 18:55

Беларускія кардыяхірургі правялі ўнікальную аперацыю на трохстворкавым клапане ў дзіцяці

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дзіцячыя кардыяхірургі ўпершыню ў свеце правялі эндаваскулярным шляхам пратэзаванне трохстворкавага клапана сэрца ў дзіцяці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык рэнтгенаперацыйнай НРПЦ дзіцячай хірургіі Павел Чарнаглаз.

Трынаццацігадовы хлопчык, у якога быў складаны прыроджаны парок сэрца, паступіў у РНПЦ дзіцячай хірургіі ў цяжкім стане. Ён перанёс ужо чатыры хірургічныя ўмяшанні. Новай пагрозай стала парушэнне работы трохстворкавага клапана, што прывяло да зніжэння насычэння крыві кіслародам.

"Трохстворкавы клапан не ў поўнай меры выконваў сваю функцыю. Ён недастаткова прапускаў кроў праз вену і не выконваў замыкальную функцыю, гэта значыць яго створкі не змыкаліся - і кроў у час скарачэння жалудачка вярталася назад", - растлумачыў Павел Чарнаглаз.

Адзіным шанцам на выратаванне падлетка была аперацыя, якая заключалася або ў замене, або ў пластыцы трохстворкавага клапана сэрца. Для кардыяхірургаў умяшанне ў гэтай зоне і так з'яўляецца тэхнічна няпростым. Але ў гэтай сітуацыі, калі хлопчыка ўжо неаднойчы аперыравалі, хірургічная карэкцыя была больш чым вельмі цяжкая. А выкананне адкрытай аперацыі мела высокую рызыку.

Пасля працяглага абмеркавання было прынята смелае рашэнне - у пазіцыю трохстворкавага клапана імплантаваць транскатэтарны эндаваскулярны клапан. "Такія клапаны звычайна прымяняюцца для пратэзавання клапанаў аорты, лёгачнай артэрыі. У дачыненні да натыўнага, інакш кажучы, роднага, трохстворкавага клапана, на якім раней не праводзіліся хірургічныя ўмяшанні (не ўстанаўліваліся біялагічны клапан або кальцо, якія маглі б паслужыць асновай для фіксацыі ўстройства), такія працэдуры раней не выконваліся", - адзначыў загадчык рэнтгенаперацыйнай.

Яшчэ адна асаблівасць была ў тым, што падлетку ўжо імплантавалі механічны пратэз мітральнага клапана, які знаходзіцца вельмі блізка да трохстворкавага клапана. "З аднаго боку, мы разумелі, што будзе больш складана, з другога - апорнае кальцо мітральнага клапана магло служыць арыенцірам для пазіцыянавання трохстворкавага клапана і апорнай кропкай для гэтага", - сказаў Павел Чарнаглаз.

Для выратавання жыцця хлопчыка спецыялісты РНПЦ дзіцячай хірургіі 20 мая правялі ўнікальную аперацыю - пратэзаванне трохстворкавага клапана з выкарыстаннем сучасных малатраўматычных методык эндаваскулярнай хірургіі. Штучны біялагічны клапан сэрца Melody быў паспяхова ўстаноўлены ў трохстворкавы клапан праз невялікі катэтар у сцегнавой вене, што дало магчымасць пазбегнуць адкрытай аперацыі ва ўмовах штучнага кровазвароту.

На выпадак ускладнення або няштатнай сітуацыі ў аперацыйнай знаходзілася брыгада кардыяхірургаў, гатовых правесці адкрытае ўмяшанне. Падрыхтавалі апарат ЭКМО, да якога можна было б экстранна падключыць пацыента, забяспечыўшы штучную цыркуляцыю крыві. На шчасце, гэтага не спатрэбілася.

Пасля таго як штучны клапан стаў у патрэбную пазіцыю і была выдалена сістэма дастаўкі, сэрца падлетка стала лепш функцыянаваць, ужо ў аперацыйнай стан пацыента значна палепшыўся. А праз суткі назірання ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі яго перавялі ў звычайнае аддзяленне. Цяпер ён рыхтуецца да выпіскі дадому.

Як адзначыў дырэктар РНПЦ Канстанцін Драздоўскі, такая аперацыя праведзена ўпершыню ў свеце. "Мы звязаліся з нашымі калегамі ў Еўропе і ЗША. Вядучыя спецыялісты пацвердзілі ўнікальнасць выкананага ўмяшання, - сказаў ён. - Мы атрымалі запрашэнне выступіць восенню з дакладам на канферэнцыі па кардыятаракальнай хірургіі ў Еўропе. Акрамя таго, рыхтуецца публікацыя гэтага выпадку ў адным з вядучых сусветных часопісаў у галіне кардыяхірургіі".

Цэнтр штогод выконвае 1-1,2 тыс. аперацый дзецям з парокамі сэрца, з іх больш як палавіна - мініінвазіўным шляхам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі