Сцяг Нядзеля, 18 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 красавіка 2025, 11:00

Беларуская Швейцарыя, жураўліны край, "Мядзведжая акадэмія". Турыстам прапануюць новыя маршруты
 

Смаргонь. Фота з архіва
Смаргонь. Фота з архіва
22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турыстам прадставілі новыя варыянты аднадзённых падарожжаў па Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.

Тытульныя маршруты - візітныя карткі рэгіёнаў - прапанавалі Лагойскі, Мёрскі і Смаргонскі раёны. Яны ўключаюць у сябе знакавыя мясціны, якія маюць гістарычную, культурную або прыродную каштоўнасць.

Маршрут "Па слядах продкаў…" дасць магчымасць паглыбіцца ў гісторыю старадаўняга Лагойска і палюбавацца Беларускай Швейцарыяй. За 5 гадзін турысты наведаюць 10 лакацый як у самім горадзе, так і ў наваколлі. У іх ліку мемарыяльны комплекс "Хатынь", Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей, мастацкая галерэя Сяргея Давідовіча, Замчышча, руіны палаца братоў Тышкевічаў, культавыя збудаванні, святая крыніца і інш. Агульная працягласць шляху - каля 25 км.

Маршрут "Калі гісторыя ажывае…" знаёміць са Смаргонскім раёнам. Госці пабываюць у Крэве, дзе вырашаліся лёсы Вялікага Княства Літоўскага, змогуць зрабіць фота са скульптурай мядзведзя з "Мядзведжай акадэміі", пачуць знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай", прадэгуставаць смаргонскае марожанае.

Таксама сярод славутасцей, якія зацікавяць падарожнікаў, - Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, касцёл Святога Міхаіла Архангела XVII стагоддзя, гарадскі парк, мемарыяльны комплекс па лініі процістаяння ў Першую сусветную вайну, гісторыка-культурны комплекс пад адкрытым небам "Залатая горка", музей вадзянога млына XVIII стагоддзя ў аграгарадку Жодзішкі, музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў аграгарадку Кушляны. Маршрут разлічаны на 8 гадзін, яго працягласць - 130 км.

Мёрскі край прапануе адкрыць для сябе край азёр, балот і самых вялікіх жураўліных кліноў. "Гэта сапраўдны рай для аматараў прыроды. Тут вы ўбачыце самае вялікае ў Беларусі вярховае балота Ельня, станеце сведкам захапляльнага відовішча - міграцыі жураўлёў, паспрабуеце самыя смачныя журавіны. А Успенскі касцёл, пабудаваны ў неагатычным стылі, уразіць прыгажосцю і веліччу", - расказалі ў Нацыянальным агенцтве па турызме.

Маршрут уключае 8 славутасцей. Каб іх паглядзець, трэба праехаць каля 55 км. Падарожжа зойме каля 6 гадзін.

Ідэі для турыстычных паездак - іх ужо больш за 80 - размешчаны на сайце belarus.travel. Раздзел пастаянна папаўняецца. У лютым прэзентавалі наступныя тытульныя маршруты : "Сталічны маршрут" (праходзіць па дзевяці раёнах Мінска), "Спатканне з Гомельскай спадчынай", "Дарогамі Дзятлаўшчыны", "Ад Лынтуп да Парыжа. Падарожжа па Пастаўскім краі", "Магілёў - прыстанак ільва". У сакавіку варыянты падарожжаў прадставілі  ў Глыбоцкім, Браслаўскім, Ваўкавыскім і Карэліцкім раёнах.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі