Сцяг Пятніца, 11 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 мая 2025, 15:30

Беларуская дэлегацыя ўдзельнічае ў 42-м пленарным тыдні ЕАГ у Маскве

Фота з архіва
Фота з архіва
26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Маскве стартаваў 42-і пленарны тыдзень Еўразійскай групы па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванні тэрарызму (ЕАГ). Мерапрыемствы аб'яднаюць звыш 200 дэлегатаў з больш як 15 дзяржаў і 20 міжнародных арганізацый, у іх ліку і беларуская дэлегацыя. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Беларусі.

У Пленарным тыдні прымае ўдзел дырэктар Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю Дзмітрый Захараў, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных і праваахоўных органаў, прыватнага сектара Рэспублікі Беларусь.

У ходзе пленарнага пасяджэння ЕАГ будуць разгледжаны ключавыя рызыкі і пагрозы фінансавай бяспецы ў Еўразійскім рэгіёне, значныя праекты, якія рэалізуюцца краінамі ў галіне фінансавай бяспекі. Таксама пройдуць пасяджэнні рабочых груп па тэхнічным садзейнічанні, па ўзаемных ацэнках і прававых пытаннях, па тыпалогіях і процідзеянні фінансаванню тэрарызму і злачыннасці.

Акрамя таго, на палях пленарнага тыдня ЕАГ адбудзецца форум парламентарыяў дзяржаў - членаў ЕАГ, на якім абмяркуюць падрыхтоўку да новага раўнда ўзаемных ацэнак і імплементацыі абноўленых патрабаванняў ФАТФ у барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.

Удзельнікі панэльнай дыскусіі ў рамках сумеснага форуму наглядных органаў і прыватнага сектара пад эгідай ЕАГ і МЕНАФАТФ (Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы) разгледзяць перадавы вопыт па кіраванні рызыкамі і пагрозамі, што ўзнікаюць у сувязі з развіццём новых тэхналогій у фінансавым сектары.

Еўразійская група па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванні тэрарызму створана ў 2004 годзе.

У ЕАГ уваходзяць дзевяць дзяржаў: Беларусь, Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Яшчэ 17 дзяржаў і 24 міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыі маюць статус наглядальнікаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі