Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 снежня 2019, 15:04

Беларуская чыгунка прэзентуе свой патэнцыял у Швецыі

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Беларускай чыгункі на чале з першым намеснікам начальніка БЧ Ігарам Шылавым прымае ўдзел у міжнародных мерапрыемствах па супрацоўніцтве ў транспартнай сферы паміж Беларуссю, Латвіяй і Скандынавіяй. Мерапрыемства арганізавана Латвійскай чыгункай у Швецыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.

Беларусь звязваюць цесныя эканамічныя сувязі з краінамі Балтыі і Скандынавіі. Чыгуначным транспартам беларускія кампаніі экспартуюць у Літву, Латвію і Эстонію такія тавары, як мінеральныя ўгнаенні, нафтапрадукты, лясныя і будаўнічыя грузы, чорныя металы і г.д. У Швецыю, Данію, Нарвегію і Фінляндыю праз балтыйскія парты паступаюць беларускія мінеральныя ўгнаенні, прадукты харчавання, торф, чорныя металы, прадукцыя дрэваапрацоўкі.

У час прэзентацыі патэнцыялу БЧ Ігар Шылаў адзначыў некалькі важных лагістычных праектаў: паязды Беларусь - Румынія, Containerships Train і Мінск - Рыга. Іх аб'ядноўвае дакладны расклад курсіравання, высокая маршрутная скорасць, канкурэнтаздольныя тарыфныя стаўкі, узгодненая тэхналогія пропуску і апрацоўкі на граніцы.

Кантэйнерны поезд Беларусь - Румынія па перавозцы шчэпак курсіруе з сакавіка 2019 года і арганізаваны даччынай лагістычнай кампаніяй Беларускай чыгункі "Белінтэртранс - транспартна-лагістычны цэнтр" сумесна з чыгункамі Беларусі, Украіны і Румыніі, а таксама аператарамі Rail Cargo Logistics са Славеніі і "ЗахідТрансСэрвіс" з Украіны.

У ліпені гэтага года стартаваў яшчэ адзін лагістычны праект - кантэйнерны поезд Containerships Train у зносінах Літва - Беларусь - Украіна. Ён рэалізуецца кампаніямі "Белінтэртранс - транспартна-лагістычны цэнтр", чыгункамі Літвы, Беларусі і Украіны, а таксама аператарамі ТАА Containerships і ЗАТ Intermodal Container Serviсe.

У сваім выступленні Ігар Шылаў звярнуў увагу на найбольш паспяховы і маштабны сумесны праект - грузавы экспрэс-поезд Мінск - Рыга - Мінск. Ён курсіруе з пачатку 2018 года, а агульны час у дарозе скарочаны з 40 гадзін да 20 гадзін з улікам кантрольных аперацый на беларуска-латвійскай граніцы. Усяго прайшло ўжо больш за 1100 паяздоў.

Беларуская і Латвійская чыгункі цяпер працуюць над мемарандумам аб далучэнні да праекта Украінскай чыгункі па запуску грузавога экспрэс-поезда Рыга - Мінск - Кіеў - Адэса. Гэта дасць магчымасць стварыць надзейную чыгуначную артэрыю, якая злучае Балтыйскае і Чорнае мора.

Ігар Шылаў заклікаў лагістычныя кампаніі Швецыі далучацца да праекта, падкрэсліўшы, што БЧ гатова прапанаваць выгадныя тарыфныя ўмовы, скорасць дастаўкі, празрысты расклад і інш.

Сярод праектаў, якія Беларуская чыгунка гатова прапанаваць сёння, адзначаны чыгуначныя перавозкі ў зносінах Кітай - Еўропа - Кітай. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць больш за 90 працэнтаў усіх чыгуначных сухапутных перавозак з Кітая ў Еўропу і ў зваротным напрамку.

Кожныя суткі па маршруце Шаўковага шляху праз Беларусь курсіруе 12-14 кантэйнерных паяздоў. Яны ўжо ідуць з 60 гарадоў Кітая ў напрамку 50 гарадоў 15 еўрапейскіх краін. Значны патэнцыял развіцця перавозак у зносінах Кітай - Скандынавія і Беларусь - Скандынавія ў кітайскага-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі