Сцяг Пятніца, 6 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 чэрвеня 2025, 10:57

Беларуска-кітайскі маладзёжны форум упершыню пройдзе ў БДУ

 

20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 24-26 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ўпершыню пройдзе беларуска-кітайскі маладзёжны форум, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ВНУ.

Арганізатарамі выступаюць БДУ і Пекінскі ўніверсітэт (ПКУ) у рамках міжуніверсітэцкага свята "Дні дружбы і адзінства БДУ і ПКУ", заснаванага дзвюма ВНУ ў мінулым годзе. "Усяго форум збярэ каля 200 удзельнікаў з ліку таленавітых студэнтаў, маладых вучоных, органаў студэнцкага самакіравання Беларусі і Кітая. Гэта прадстаўнікі 36 беларускіх ВНУ: БДУ, МДЛУ, БДЭУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Кітайскі бок прадставяць студэнты з 11 ВНУ: Пекінскага ўніверсітэта, Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта, Пекінскага педагагічнага ўніверсітэта, Універсітэта імя Сунь Ятсена, Паўднёва-Усходняга ўніверсітэта і іншых. У гісторыі двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая форум - гэта ўнікальная падзея, якую ініцыяваў у чэрвені 2024 года кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з тагачасным сакратаром партыйнага камітэта ПКУ Хаа Пінам. Маштабнае мерапрыемства дасць магчымасць умацаваць партнёрскія адносіны, вывесці на новы ўзровень узаемадзеянне дзвюх краін у галіне маладзёжнай палітыкі, створыць пляцоўку для міжкультурнага абмену", - праінфармавалі ў прэс-службе.

Трохдзённую праграму адкрые цырымонія ўскладання кветак да стэлы "Мінск - горад-герой". Прадоўжыцца форум работай круглых сталоў, дыялогавых пляцовак, інтэрактыўных семінараў. "На ўзроўні кіраўніцтва ўніверсітэтаў-удзельнікаў запланаваны разгляд найбольш эфектыўных практык работы з таленавітымі студэнтамі. Цэнтральнай падзеяй форуму заяўлены эўрыстычны занятак "Масты перспектыў". Правядзе яго для беларускіх і кітайскіх студэнтаў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Гэты інтэнсіў накіраваны на выбудоўванне эфектыўнай камунікацыі з моладдзю, раскрыццё ўнутранага патэнцыялу студэнтаў, набыццё імі новых сэнсаў і лепшага разумення свайго прызначэння для грамадства і краіны ў цэлым. Навуковую тэматыку разгледзяць на секцыі, якая ўключае фарсайт-сесію па пытаннях развіцця прафесійных кантактаў вучоных і выстаўку інавацыйных распрацовак маладых даследчыкаў дзвюх краін", - адзначылі ў БДУ.

Прадоўжыцца праграма на спартыўнай пляцоўцы Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе адбудзецца таварыская гульня па баскетболе паміж жаночымі студэнцкімі зборнымі БДУ і ПКУ. Таксама для азнаямлення з культурна-гістарычнай спадчынай Беларусі для ўдзельнікаў форуму арганізуюцца экскурсіі ў мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", нацыянальны парк "Белавежская пушча". Акрамя таго, у рамках падзеі пройдуць майстар-класы па трыдыцыйнай і прыкладной творчасці дзвюх краін - гэта пляценне з саломкі, каліграфія, чайная цырымонія.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі