Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 студзеня 2019, 17:28

Беларусь у 2018 годзе павялічыла экспарт турыстычных паслуг на 13-14 працэнтаў

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводле папярэдніх вынікаў, Беларусь у 2018 годзе павялічыла экспарт турыстычных паслуг на 13-14 працэнтаў, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Аператыўныя даныя, якімі мы валодаем, сведчаць аб тым, што за год экспарт турыстычных паслуг склаў прыкладна $217-218 млн. Адбыўся рост на 13-14 працэнтаў", - сказаў Віталь Грыцэвіч.

Паводле даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Беларусь у 2018 годзе наведалі больш за 4,7 млн замежных грамадзян. "Гэта тыя, хто перасек заходнюю і паўднёвую граніцу Беларусі, дзе ёсць пункты міжнароднага пропуску і вядзецца адпаведная рэгістрацыя і падлік. У 2017 годзе гэта лічба склала 4,3 млн, а з улікам усходняга патоку, паводле даных Белстата, Беларусь наведалі 11 млн іншаземцаў. Таму мы мяркуем, што за 2018 год агульная лічба складзе больш за 12 млн", - растлумачыў прадстаўнік Мінспорту.

Часцей за ўсё Беларусь наведваюць турысты з бліжэйшых краін - Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі. Сярэдняя працягласць знаходжання расійскіх турыстаў складае пяць дзён. "Традыцыйна карыстаюцца папулярнасцю нашы беларускія санаторыі, перш за ўсё сярод расіян. Папулярныя гарналыжныя курорты - Сілічы, Лагойск. Новы імпульс у развіцці турызму атрымалі запаведнікі і нацыянальныя паркі. Напрыклад, у адзін з апошніх дзён снежня ў Белавежскую пушчу прыехала больш за 140 турыстычных аўтобусаў. Традыцыйна выклікае цікавасць тур выхаднога дня па Мірскім і Нясвіжскім замках. Нашы аграсядзібы актыўна наведваюць не толькі беларусы, але і замежныя грамадзяне. Плануем таксама развіваць прамысловы турызм, гэты напрамак выклікае вялікую цікавасць", - адзначыў Віталь Грыцэвіч.

У 2019 годзе ў Беларусі пройдзе мноства буйных спартыўных мерапрыемстваў, якія прыцягнуць вялікі паток турыстаў у краіну. У іх ліку ІІ Еўрапейскія гульні, чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі