Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 снежня 2019, 10:25

Беларусь плануе далучыцца да трох апошніх пратаколаў Канвенцыі аб забруджванні паветра

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе далучыцца да трох апошніх пратаколаў Канвенцыі аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Мінпрыроды.

Беларусь стала бокам Канвенцыі яшчэ ў 1980 годзе і раней далучылася да трох пратаколаў: па доўгатэрміновым фінансаванні сумеснай праграмы назірання і ацэнкі распаўсюджвання забруджвальнікаў паветра на вялікія адлегласці ў Еўропе; аб скарачэнні выкідаў серы або іх трансгранічных патокаў не менш як на 30 працэнтаў; аб абмежаванні выкідаў вокіслаў азоту або іх трансгранічных патокаў.

Цяпер разглядаецца магчымасць далучыцца да трох апошніх пратаколаў: аб барацьбе з падкісленнем, эўтрафікацыяй і прыземным азонам; па стойкіх арганічных забруджвальніках; па цяжкіх металах.

У гэтым годзе Канвенцыі спаўняецца 40 гадоў. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею арганізацыі, праходзяць 11-12 снежня ў Палацы Нацый у Жэневе. Удзел прымае і беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Корбутам.

Намеснік міністра выступіў перад удзельнікамі. У сваім выступленні ён пацвердзіў намер Беларусі прадаўжаць прымаць усе магчымыя меры па скарачэнні і прадухіленні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і выказаў гатоўнасць да супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў гэтым напрамку. "Беларусь усведамляе важнасць прыняцця мер па зніжэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і праводзіць планамерную работу ў гэтым напрамку. Дзеючымі нацыянальнымі дакументамі ўстаноўлены мэты па зніжэнні выкідаў ад стацыянарных і мабільных крыніц на 2,7 працэнта да 2020 года ў параўнанні з 2015-м. А ў рамках Парыжскага пагаднення па клімаце Беларусь узяла на сябе абавязацельствы па зніжэнні выкідаў парніковых газаў на 28 працэнтаў да 2030 года. Мы маем намер і далей прымаць усе магчымыя меры па скарачэнні і прадухіленні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і выказваем гатоўнасць да супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў гэтым напрамку", - сказаў на заканчэнне ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі