Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 ліпеня 2017, 18:02

Беларусь настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне з АБСЕ ў сферы правоў чалавека - Рахманаў

6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне з АБСЕ ў сферы правоў чалавека. Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў сёння на пасяджэнні агульнага камітэта ПА АБСЕ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сяргей Рахманаў падкрэсліў, што Беларусь выступае супраць палітызацыі тэмы правоў чалавека. Яна ўключае розныя аспекты: палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны - яны непадзельныя і ўзаемадапаўняюць адзін аднаго. "Таму вылучэнне нейкага аднаго складніка парушае цэласнасць і прыводзіць да няправільных высноў", - сказаў парламентарый. Ён растлумачыў, што ў Беларусі зыходзяць менавіта з такога комплекснага падыходу.

Сенатар адзначыў, што Беларусь настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне з АБСЕ. "Цяпер мы ў АБСЕ праводзім кансультацыі і рэалізуем шэраг рамачных праграм і гатовы рабіць гэта і далей", - сказаў ён.

Старшыня камісіі таксама нагадаў, што ў канцы 2016 года ў Беларусі прынялі Нацыянальны план па правах чалавека. Дакумент усебакова арыентаваны на ўмацаванне нацыянальнага патэнцыялу, вызначае асноўныя напрамкі дзеянняў па імплементацыі абавязкаў па захаванні правоў чалавека.

Летняя сесія ПА АБСЕ праходзіць у Мінску па 9 ліпеня і прысвячаецца ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне. Парадак дня сесіі складаецца з дакладаў трох агульных камітэтаў: па палітычных пытаннях і бяспецы; па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі; па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях.

Рэзалюцыі, прынятыя па выніках дыскусій, будуць пакладзены ў аснову Мінскай дэкларацыі, у якой будуць сфармуляваны рэкамендацыі для нацыянальных урадаў, парламентаў і міжнароднай супольнасці па рэагаванні на ўзнікаючыя актуальныя выклікі і пагрозы. У дэкларацыю ўвойдуць таксама некалькі дадатковых рэзалюцый, якія ініцыіруюць асобныя парламентарыі самастойна. Яны закранаюць даволі шырокае кола пытанняў: процідзеянне тэрарызму, міграцыйныя выклікі, недапушчальнасць распальвання міжрэлігійнай варожасці, умацаванне энергетычнай бяспекі і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі