Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 верасня 2019, 14:52

Беларусь і Украіна ўзгаднілі праграму назіранняў, аналізу і ацэнкі стану трансгранічных вод

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Украіна ўзгаднілі праграму назіранняў, аналізу і ацэнкі стану трансгранічных вод, змянення іх якасці ў час 10-й нарады ўпаўнаважаных урадаў дзвюх краін па выкананні міжурадавага пагаднення аб сумесным выкарыстанні і ахове трансгранічных вод, якая адбылася ў Пінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Таксама быў падпісаны новы тэхнічны пратакол аб абмене інфармацыяй аб якасці паверхневых і падземных трансгранічных вод паміж Мінпрыроды Беларусі і Дзяржаўным агенцтвам водных рэсурсаў Украіны.

Дакументы накіраваны на пашырэнне вобласці сумесных назіранняў. Дапоўнены пералік гідрахімічных, гідрабіялагічных, гідрагеалагічных, гідрамарфалагічных і радыяцыйных паказчыкаў для назіранняў за станам трансгранічных вод, а таксама ўзгодненых крытэрыяў для апрацоўкі і ацэнкі вынікаў. Агавораны выпадкі і парадак абмену аператыўнай інфармацыяй, выпадкі выяўлення пры маніторынгу на трансгранічных участках рэк перавышэння аднаго або некалькіх парогавых значэнняў.

Бакі на нарадзе абмеркавалі выкананне правіл эксплуатацыі Белаазерскай водасілкавальнай сістэмы Дняпроўска-Бугскага канала, распрацоўку навуковага абгрунтавання па вызначэнні ступені зарастання, з'яў эўтрафікацыі, а таксама вывучэнне гідралагічнага і гідрабіялагічнага рэжыму сістэмы азёр Святое - Валянскае - Белае. Акрамя таго, разглядалася мэтазгоднасць рэалізацыі праекта па пераразмеркаванні сцёку ў вадацёках чарнобыльскай зоны, а таксама вынікі папярэдняй ацэнкі ўздзеяння на гідралагічны рэжым ГЭС на рацэ Днепр. "Устаноўлена, што ў цэлым стан воднай экасістэмы на трансгранічных участках паверхневых вод быў стабільным. Нягледзячы на малаводнасць 2018-2019 гадоў, дзякуючы сумеснай зладжанай эксплуатацыі Белаазерскай ВСС дыяпазон ваганняў узроўняў вады, зафіксаваных гідралагічнымі пастамі, назіраўся ва ўзгодненых межах", - адзначылі ў прэс-службе.

Прадстаўнікі Беларусі і Украіны праінфармавалі аб бягучых праектных і будаўнічых работах на водагаспадарчых аб'ектах у басейнах трансгранічных рэк і прыгранічных раёнах для абароны ад паводак. Кампетэнтныя органы падрыхтавалі план супрацоўніцтва паміж водагаспадарчымі арганізацыямі прыгранічных тэрыторый Украіны (Валынская, Жытомірская, Ровенская вобласці) і Беларусі (Брэсцкая вобласць) на 2020 год.

Бакі разгледзелі вынікі маніторынгу паверхневых і падземных вод у раёне радовішча "Хаціслаўскае". Аналіз даных назіранняў за 2018 год паказаў, што на прылеглых тэрыторыях гідролага-гідрагеалагічная абстаноўка застаецца стабільнай, негатыўныя змяненні ў навакольным асяроддзі адсутнічаюць, а рэжым падземных і паверхневых вод заканамерна падпарадкаваны сезонным кліматычным умовам. На жнівень 2019 года эксплуатацыя кар'ера другой чаргі радовішча "Хаціслаўскае" ўплыву на рэжым паверхневых і падземных вод прылеглых тэрыторый не аказвае", - падкрэслілі ў прэс-службе.

11-я нарада ўпаўнаважаных урадаў пройдзе ў верасні 2020 года ў Кіеве (Украіна).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі