
14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Турцыя ўмацоўваюць супрацоўніцтва ў галіне абмену студэнтамі. Гэта прадугледжана мемарандумам аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі, падпісаным 11 лістапада паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Саветам па вышэйшай адукацыі Турцыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
З беларускага боку дакумент падпісаў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, з турэцкага - прэзідэнт Савета па вышэйшай адукацыі Екта Сарач.
Мэта мемарандума - садзейнічаць абмену навучэнцамі, педагагічнымі работнікамі паміж ВНУ дзвюх краін. Для гэтага Мінадукацыі Беларусі і Савет па вышэйшай адукацыі Турцыі будуць падтрымліваць забеспячэнне акадэмічнай мабільнасці адносна навучання і павышэння кваліфікацыі навучэнцамі і педагогамі ВНУ па канкрэтных праграмах. Акрамя таго, бакі маюць намер садзейнічаць іх удзелу ў кароткачасовых даследчых праграмах, абменах вучэбна-метадычнымі матэрыяламі, арганізацыі сумесных практыкумаў, канферэнцый і семінараў, узаемнага наведвання ўніверсітэтаў і гэтак далей.
Беларусь і Турцыя дамовіліся заахвочваць стварэнне, рэалізацыю і развіццё ВНУ дзвюх дзяржаў сумесных праграм на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Яны таксама будуць садзейнічаць правядзенню кансультацый і прымаць меры па забеспячэнні прызнання дакументаў аб адукацыі, а таксама абменьвацца неабходнай інфармацыяй па гэтым пытанні.-0-