Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 верасня 2024, 09:47

Беларусь і Расія ўмацоўваюць супрацоўніцтва ў галіне медыцыны катастроф

23 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія ўмацоўваюць супрацоўніцтва ў галіне медыцыны катастроф. Адпаведны мемарандум падпісалі кіраўнікі міністэрстваў аховы здароўя дзвюх краін Аляксандр Хаджаеў і Міхаіл Мурашка ў Магілёве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У першую чаргу мемарандум прысвечаны аказанню дапамогі ў надзвычайных сітуацыях, - падкрэсліў Міхаіл Мурашка. - І першая наша сумесная калегія прайшла ў мінулым годзе. Мы абмяняліся тымі праблемамі і задачамі, якія стаяць перад сістэмамі аховы здароўя і, адпаведна, намецілі план дзеянняў. Ключавой падзеяй гэтага года сталі вучэнні, якія прайшлі сумесна паміж медыцынскімі службамі дзвюх краін. Яны фактычна адточваюць камунікацыю, прыбыццё медыцынскага персаналу, эвакуацыю пацыентаў і ў тым ліку ўзаемадзеянне ў рамках тэлемедыцынскіх кансультацый. Таму пры надзвычайнай сітуацыі ў аказанні медыцынскай дапамогі для нас вельмі важнымі з'яўляюцца алгарытмы, пратаколы і сістэма ўзмацнення медыцынскай дапамогі, эвакуацыі пацыентаў. Гэта з'яўляецца для грамадзян і медыцынскай службы архіважным, і мы рухаемся ў гэтым напрамку".

Дакумент падпісаны на пяць гадоў і накіраваны на ўдасканаленне арганізацыі і аказання медыцынскай дапамогі ў дзвюх краінах пры надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару. Плануецца сумесная работа па стварэнні механізма абмену інфармацыяй аб надзвычайных сітуацыях і прымаемых мерах па папярэджанні і ліквідацыі іх наступстваў, абмен вопытам і інфармацыяй аб навукова-тэхнічных дасягненнях у галіне медыцыны катастроф, прапрацоўка механізма медыцынскай эвакуацыі пацярпелых у надзвычайных сітуацыях.

"На сённяшні момант тыя веды, якія мы атрымліваем у рамках нашага ўзаемадзеяння, грунтуюцца на даверных і ўжо сістэмных кантактах, якія доўжацца не адзін год, - падкрэсліў Аляксандр Хаджаеў. - Мы адпрацоўваем іх у практыцы і атрымліваем пацвярджэнне тых высокіх ведаў у практыцы арыентаваных дзеянняў, што прыводзіць да больш эфектыўнага і хуткага рэагавання ў выпадку ўзнікнення такіх сітуацый".

Краіны плануюць праводзіць сумесныя адукацыйныя і навукова-практычныя мерапрыемствы па павышэнні ўзроўню падрыхтоўкі медработнікаў (курсы, семінары, канферэнцыі, рабочыя нарады, узаемныя візіты), а таксама вучэнні і трэніроўкі па ліквідацыі медыка-санітарных наступстваў надзвычайных сітуацый, у тым ліку з удзелам мабільных медыцынскіх фарміраванняў.

Рабочым органам па рэалізацыі дакумента з беларускага боку выступае Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання, з расійскага - Федэральны цэнтр медыцыны катастроф Нацыянальнага медыка-хірургічнага цэнтра імя Н.І. Пірагова.

Падпісанне мемарандума ўвайшло ў праграму работы Савета Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Магілёве, тэмай якога стала развіццё аховы здароўя і забеспячэнне роўных правоў грамадзян дзвюх краін у атрыманні медыцынскай дапамогі. Мерапрыемства праходзіць з удзелам старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага Сходу РФ Вячаслава Валодзіна, першага намесніка старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Сергяенкі, дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі