Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 чэрвеня 2021, 19:59

Беларусь і Новасібірская вобласць зацікаўлены развіваць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр адукацыі Ігар Карпенка з 16 па 18 чэрвеня ў рамках візіту наведвае Новасібірскую вобласць. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

Сёння ў Новасібірскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбылася сустрэча Ігара Карпенкі з міністрам адукацыі Новасібірскай вобласці Сяргеем Федарчуком, рэктарам універсітэта Анатолем Батаевым, прадстаўнікамі прафесарска-выкладчыцкага складу.

Цяпер НДТУ з'яўляецца адным з буйнейшых ВНУ рэгіёна: ва ўніверсітэце праходзяць навучанне больш за 13,2 тыс. студэнтаў, працуюць больш за 1,5 тыс. выкладчыкаў, тут ажыццяўляецца падрыхтоўка па 95 напрамках (бакалаўрыят і магістратура) і пяці спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі - прыродазнаўчанавуковых, тэхнічных, эканамічных і гуманітарных, а таксама па сямі спецыяльнасцях і напрамках сярэдняй прафесійнай адукацыі. З 2005 года ў НДТУ на базе Інстытута дыстанцыйнага навучання ўкараняецца камбінаваная (вочна-дыстанцыйная) форма навучання. Універсітэт з'яўляецца ўдзельнікам эксперымента па ўкараненні сістэмы заліковых адзінак у рамках Балонскага працэсу.

На сустрэчы прадстаўнікі беларускай дэлегацыі абмеркавалі пытанні далейшага развіцця эфектыўных узаемавыгадных партнёрскіх сувязей паміж установамі вышэйшай адукацыі Беларусі і Новасібірскай вобласці.

У прэс-службе нагадалі, што супрацоўніцтва паміж НДТУ і беларускімі ВНУ ажыццяўляецца на аснове Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналогіі, культуры, спорту, студэнцкай і акадэмічнай мабільнасці НДТУ на 2016-2021 гады, якое было падпісана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, на 2017-2022 гады - з Беларуска-Расійскім універсітэтам, дагавораў аб супрацоўніцтве на 2018-2023 гады - з Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, на 2017 - 2027 гады - з Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, Полацкім дзяржаўным універсітэтам.

Міністр адукацыі Беларусі азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай універсітэта, кабінетамі і лабараторыямі, наведаў Міжнародны расійска-беларускі цэнтр міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Сярод асноўных задач цэнтра - устанаўленне і развіццё эфектыўных узаемавыгадных партнёрскіх сувязей паміж навуковымі, адукацыйнымі, сацыяльнымі, культурнымі, маладзёжнымі і спартыўнымі арганізацыямі Магілёўскай і Новасібірскай абласцей, арганізацыя ўдзелу ў міжнародных навуковых, адукацыйных, спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца на базе заснавальнікаў цэнтра, азнаямленне грамадзян Беларусі і Расіі з гісторыяй, культурай, традыцыямі народаў, іх дасягненнямі ў галіне эканомікі, навукі, культуры і спорту.

"Мы надаём важнае значэнне дзейнасці Міжнароднага расійска-беларускага цэнтра міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры, заснавальнікамі якога выступілі Новасібірскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры, сацыяльна-культурнае грамадскае аб'яднанне "Спадчына", - адзначыў Ігар Карпенка.

У рамках дзейнасці цэнтра праведзена вялікая колькасць мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю культур, нацыянальных традыцый, што ў значнай меры садзейнічае ўмацаванню дружбы, узаемнай падтрымцы і актыўнаму развіццю двухбаковага супрацоўніцтва. Рэалізаваны ў мінулым годзе праект - міжнацыянальны культурны анлайн-дыялог "Расія і Беларусь - 2020" стаў важнай адукацыйнай і культурнай пляцоўкай, накіраванай на падтрымку і ўмацаванне Саюзнай дзяржавы і агульнай гістарычнай спадчыны духу народаў.

Ігар Карпенка таксама наведаў Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі і кіравання, дзе з кіраўніцтвам ВНУ абмеркаваў далейшыя шляхі развіцця супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі