Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 красавіка 2019, 12:55

Беларусь і Францыя будуць актыўней развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва

18 красавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Францыя маюць намер актыўна наладжваць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі ва ўсіх сферах. Аб гэтым сёння ў час сустрэчы з кіраўніцтвам Гродзенскай вобласці паведаміў намеснік старшыні Камісіі Сената па фінансах, старшыня групы дружбы "Францыя-Беларусь" Шарль Генэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сустрэчы бакі разгледзелі шырокае кола пытанняў, што датычацца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. "Неабходна ўзмацненне сувязей, дружбы на ўсіх узроўнях, у тым ліку ў рэгіёнах. Пазнаёміцца з асаблівасцямі Гродзенскай вобласці, з мясцовай уладай - вось адна з асноўных мэт нашага візіту", - адзначыў Шарль Генэ. Ён падкрэсліў, што ўжо ёсць намёткі па супрацоўніцтве ў розных сферах ад высокіх тэхналогій да турызму.

"Пакуль у нас сціплы тавараабарот з Францыяй, аднак я ўпэўнены ў вялікім патэнцыяле гандлёва-эканамічных адносін", - адзначыў у час сустрэчы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Паводле яго слоў, адносіны ў сферы культуры і адукацыі паміж рэгіёнам і Францыяй наладжаны, яны могуць стаць правадніком і драйверам для ўмацавання супрацоўніцтва.

Яшчэ адной тэмай для абмеркавання стала сумесная гісторыя. У праграме візіту групы "Францыя-Беларусь" наведванне Шчучына. Горад звязаны з імем вядомага ваеннага і дзяржаўнага дзеяча Францыі Шарля дэ Голя. У час Першай сусветнай вайны афіцэр трапіў у нямецкі палон. Некалькі месяцаў палону ў 1916 годзе ён правёў у Шчучыне.

"Для мяне гэта стала своеасаблівым адкрыццём. Упэўнены, што нямногія французы ведаюць аб гэтым факце. Думаю, што і ў гэтым пытанні мы знойдзем агульную мову і вырашым, як увекавечыць памяць аб знаходжанні генерала дэ Голя ў Шчучыне", - адзначыў Шарль Генэ.

Прадстаўнікі Францыі таксама прапанавалі падзяліцца сваім вопытам у сферы турызму і гасціннасці, развіцця сучасных тэхналогій у музейнай справе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі