ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 29 лістапада 2022
Мінск -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лістапада 2022, 15:08

Барташ: прамы дыялог на асабістых прыёмах дае магчымасць глыбей убачыць праблемы людзей

Сяргей Барташ
Сяргей Барташ

23 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Жыллё для шматдзетных сем'яў, падтапленне прысядзібных участкаў - гэтыя і іншыя тэмы ўзнімалі сёння жыхары Гомельскага рэгіёна на асабістым прыёме грамадзян, які праводзіць памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Шматдзетная маці з аграгарадка Страдубка Лоеўскага раёна звярнулася да памочніка Прэзідэнта з жыллёвым пытаннем. Сям'я жыве ў арэндным доме. Некаторы час таму вяскоўцам прапанавалі выкупіць пабудову былога ФАПа, які быў рэканструяваны ў жылы дом. "Нам такі варыянт падыходзіць, але працэдура пакуль зацягнулася", - удакладніла жанчына.

Будынак належыць УКБ Рэчыцкага раёна. Як растлумачыла дырэктар Святлана Рапейка, будаўніцтва ФАПа вялося з 2008 года. Затым будынак трапіў у спіс аб'ектаў незавершанага будаўніцтва. У 2017 годзе было прынята рашэнне рэканструяваць яго у дом. Кіраўнік звярнула ўвагу: за гады з моманту ўзвядзення ў будынка быў разбураны дах, павыбіваны вокны, скрыўлены дзверы.

Пасля праведзеных работ кошт дома ацэньваецца ў памеры амаль Br172 тыс. Аднак ёсць пытанне па кампенсаванні часткі сродкаў у бюджэт за рэканструкцыю.

"Тэму трэба дэталёва вывучыць, прапрацаваць усе нюансы", - адзначыў Сяргей Барташ. Ён пацікавіўся, ці не разглядае сям'я іншыя варыянты. Як адказала заяўніца, сям'і вельмі спадабалася пабудова, пра якую ідзе размова.

Жыллёвае пытанне хвалюе і шматдзетную маці з Гомеля. Трохпакаёвую кватэру ў новабудоўлі сям'я атрымлівала з трыма дзецьмі. "Тады нам адобрылі субсідыю, сямейны капітал, а на адсутную частку - Br10 тыс. - я ўзяла крэдыт на агульных падставах", - расказала гараджанка. На той момант яна была цяжарная блізнятамі.

Сёння жанчына і пяцёра дзяцей жывуць у аднапакаёвай кватэры, якая належыць свекрыві, паколькі на новых квадратных метрах яшчэ патрэбны рамонт. "А мой бюджэт не дазваляе выплачваць крэдыт", - расказала заяўніца.

На прыёме прадстаўнікі банка агучылі магчымыя шляхі вырашэння пытання. "Мы разгледзім сітуацыю. Зробім усё, каб вам дапамагчы", - адказаў шматдзетнай маці Сяргей Барташ.

Гамяльчанка, дом якой размешчаны па вул. Лугавой, расказала: ад вяслярнага канала праходзіць труба пералівання; калі паднімаецца ўзровень вады ў Сожы, праз трубу ідзе вада, залівае прысядзібныя ўчасткі. "Затапляецца і дом, і ўчастак. Мы плаваем", - апісала сітуацыю гараджанка. За апошнія 10 гадоў затапленні здараліся 4 разы, удакладніла жанчына. Паводле яе бачання, на трубу трэба паставіць шлюз або засаўку.

Сяргей Барташ прапанаваў варыянт вырашэння - устанавіць шандоры. Разабрацца ў тэме даручана гарвыканкаму.

Каменціруючы ўзнятыя на прыёме пытанні, Сяргей Барташ адзначыў, што асобныя тэмы патрабуюць індывідуальнага падыходу, іншыя - больш дэталёвай прапрацоўкі. "Такая прамая размова з жыхарамі рэгіёна, якая праходзіць на асабістых прыёмах, сустрэчах з насельніцтвам, дае магчымасць больш глыбока, дэталёва зразумець, чым жывуць людзі, з якімі праблемамі сутыкаюцца", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі