
Сяргей Барташ
6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры падрыхтоўцы комплекснага дакумента аб узмацненні паўнамоцтваў выканкамаў базавага ўзроўню былі разгледжаны і ўлічаны прапановы з месцаў. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшыні выканкама базавага ўзроўню, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Задача ўзмацніць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады, а менавіта раённых і гарадскіх выканкамаў, ставілася кіраўніком дзяржавы. І для гэтага быў распрацаваны комплексны дакумент, які абмяркоўваўся на нарадзе. Паводле слоў Сяргея Барташа, абмеркаванню на ўзроўні Прэзідэнта папярэднічаў падрабязны разгляд усіх прапаноў, што паступілі на ўзроўні спецыялістаў, у тым ліку мясцовых органаў улады. "Абмеркаванне было сярод старшынь раённых выканаўчых камітэтаў, цесна працавалі з прадстаўнікамі Адміністрацыі (Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА). Усе прапановы, якія ўносіліся з месцаў, разгледжаны і ўлічаны, - звярнуў увагу старшыня Шклоўскага раёна. - Гэта датычыцца выкарыстання і зямельных рэсурсаў, і кадравых, і фінансавых, і надзялення паўнамоцтвамі па добраўпарадкаванні тэрыторый з удзелам у тым ліку прыватных прадпрыемстваў".

"У нас пыталіся, што мы хацелі б (бачыць у новым нарматыўна-прававым акце. - Заўвага БЕЛТА). Мы ўсе свае прапановы выклалі. Усе нашы прапановы былі ўлічаны", - дадаў Сяргей Барташ.
Ён перакананы, што з прыняццем новага дакумента ў старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў "будзе больш магчымасцей, каб даць чарговы штуршок развіццю" рэгіёна і ў далейшым працаваць у гэтым напрамку. "Мы зможам даць большы вынік: і той, які самі ад сябе чакаем, і той, якога ад нас чакае народ. Будзе толькі станоўчы эфект".
Відавочна, што разам з новымі паўнамоцтвамі прыйдзе і большая адказнасць, адпаведна, і запатрабаванне за вынік з боку кіраўніцтва краіны ўзмоцніцца. "Зразумела, што запатрабаванне будзе жорсткае, і мы да гэтага гатовы. Мы для таго і ёсць на гэтых пасадах, каб адказваць за ўсе свае дзеянні і за выкананне тых даручэнняў, якія нам даюцца", - сказаў старшыня райвыканкама.

Напрыклад, адно з чаканых змяненняў датычыцца прыцягнення суб'ектаў гаспадарання да добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый. Цяпер гэта мера працуе ў адносінах да санітарнага стану тэрыторый, а прапануецца добраўпарадкаванне разглядаць у больш шырокім сэнсе і прыцягваць да гэтага розныя суб'екты гаспадарання, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці. Адпаведныя рашэнні будуць прымаць выканкамы і іх старшыні ў адпаведнасці з планамі добраўпарадкавання, якія цяпер фарміруюцца і на раённым, і на абласным узроўні.
Сяргей Барташ выказаў упэўненасць, што гэта новаўвядзенне дасць свой станоўчы эфект, што асабліва важна ў Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці. "Ёсць розныя прыватныя прадпрыемствы і кіраўнікі. Адны нас чулі, у плане і добраўпарадкавання, і ўдзелу ў жыцці раёна. А іншыя чулі не заўсёды. Цяпер мы іх паставім у роўныя ўмовы", - сказаў ён.-0-