Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 жніўня 2020, 13:27

Барсукоў: праваахоўнікі не дапусцяць беспарадкаў, для гэтага ў іх ёсць усе сродкі

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тое, што адбываецца цяпер, - гэта частка палітычнай тэхналогіі, накіраванай на расхістванне і дэстабілізацыю сітуацыі ў нашай краіне. Аб гэтым у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, паведамляе БЕЛТА.

"Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць у напружаных умовах. У час правядзення санкцыянаваных і ў тым ліку несанкцыянаваных мерапрыемстваў нярэдка гучаць заклікі да падрыву стабільнасці і незалежнасці Беларусі. Тое, што адбываецца цяпер, - гэта частка палітычнай тэхналогіі, якая накіравана на расхістванне і дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне. Мы папярэджваем арганізатараў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў аб персанальнай адказнасці за іх паводзіны і ўсе негатыўныя наступствы", - сказаў Аляксандр Барсукоў.

"Просім грамадзян не ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях і нагадваем аб адказнасці за парушэнне заканадаўства. Удзельнікі такіх мерапрыемстваў павінны разумець: правакуючы органы правапарадку на прыняцце прэвентыўных і ў тым ліку сілавых мер, яны ставяць пад пагрозу бяспеку звычайных грамадзян, якія апынуліся ў эпіцэнтры падзей", - адзначыў намеснік міністра.

Аляксандр Барсукоў падкрэсліў, што праваахоўнікі не дапусцяць беспарадкаў, для гэтага ў іх ёсць усе сродкі. "Мы не дапусцім хаосу, не дазволім арганізоўваць беспарадкі на вуліцах. Паверце, у нас дастаткова сіл і сродкаў, каб процістаяць тым, хто не жадае выконваць закон краіны. Супрацоўнікі міліцыі абавязаны прымяняць да парушальнікаў меры, прадугледжаныя непасрэдна законам, гэта іх абавязак", - канстатаваў Аляксандр Барсукоў.

"Заклікаю зрабіць свой выбар цывілізавана, без хаосу і беспарадкаў, паважаючы меркаванні іншых людзей і тых, хто стаіць на варце закону", - сказаў на заканчэнне ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі