Сцяг Панядзелак, 22 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 снежня 2015, 16:42

Бальнічныя ў прыватных медцэнтрах: як гэта будзе працаваць?

Ініцыятыва Міністэрства аховы здароўя Беларусі аб тым, каб дазволіць недзяржаўным арганізацыям аховы здароўя выдаваць лісты часовай непрацаздольнасці, або, кажучы па-народнаму, бальнічныя, абмяркоўвалася зацікаўленымі бакамі не адзін год. Нарэшце пад важным дыскусійным пытаннем падведзена рыса - прыватныя медыцынскія цэнтры з 1 лютага 2016 года надзяляюцца такімі паўнамоцтвамі. Гэта рашэнне замацавана ў дзвюх пастановах медыцынскага ведамства і сумесным дакуменце Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Падрабязнасці аб тым, як плануецца арганізаваць гэту работу, карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алены Богдан, прыняцце гэтага рашэння дасць магчымасць медустановам недзяржаўнай формы ўласнасці выдаваць і афармляць лісты непрацаздольнасці і даведкі аб часовай непрацаздольнасці практычна па ўсіх відах часовай непрацаздольнасці. Гэта пашырыць магчымасць грамадзян рэалізаваць сваё права на атрыманне медыцынскай дапамогі, павысіць даступнасць, якасць і сэрвіснасць аказання меддапамогі насельніцтву, пераразмяркуе патокі пацыентаў і зменшыць нагрузку на дзяржаўную сістэму аховы здароўя.

Выключэнне складуць толькі асобныя выпадкі экспертызы часовай непрацаздольнасці. "Так, пры накіраванні пацыентаў у Віцебскі абласны клінічны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі, у Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння, а таксама пры накіраванні дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў на санаторна-курортнае лячэнне і медыцынскую рэабілітацыю лісты непрацаздольнасці будуць выдавацца па рашэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (УКК) дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да ад'езду пацыента (дзіцяці-інваліда) у пералічаныя арганізацыі", - растлумачыла Алена Богдан.

Не ўсе прыватнікі змогуць выдаваць бальнічныя

Начальнік аддзела медэкспертызы і рэабілітацыі галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ірына Кірэева адзначыла, што для правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці і выдачы лістоў непрацаздольнасці (даведак) арганізацыям аховы здароўя недзяржаўнай формы ўласнасці не патрабуецца атрымання спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі). Аднак гэтыя арганізацыі аховы здароўя павінны адпавядаць усім патрабаванням вышэйназваных пастаноў.

Да арганізацый аховы здароўя, якія маюць права выдаваць лісты непрацаздольнасці, прад'яўляюцца дастаткова строгія патрабаванні. Яны аднолькавыя для дзяржаўных і прыватных медустаноў. У прыватнасці, у цэнтры павінна быць створана ўрачэбна-кансультацыйная камісія (УКК) у складзе мінімум трох чалавек, што ажыццяўляе кантроль за выдачай бальнічных. Узначальваць такую камісію павінен старшыня, які мае адпаведную адукацыю па экспертызе.

Захоўванне бланкаў лістоў непрацаздольнасці павінна быць арганізавана ў сейфах, незгаральных шафах або металічных скрынках, размешчаных у памяшканнях з ахоўнай сігналізацыяй.

Паводле слоў Ірыны Кірэевай, прыватныя цэнтры, якія возьмуць на сябе адказнасць па выдачы лістоў непрацаздольнасці, павінны мець інфармацыю аб пацыенце (перанесеных захворваннях, наяўнасці інваліднасці, частаце і працягласці папярэдняй часовай непрацаздольнасці і іншае).

"Хворых" больш не стане

Міністэрства аховы здароўя настойвае: прыватныя цэнтры, якія будуць ажыццяўляць экспертызу часовай непрацаздольнасці, павінны праводзіць яе ў поўным аб'ёме, гэта значыць весці пацыента на працягу ўсёй хваробы. Гэта значыць, што адкрыць ліст непрацаздольнасці ў прыватнай медыцынскай установе, а закрыць яго ў дзяржаўнай не атрымаецца. У выпадку працяглай непрацаздольнасці недзяржаўны цэнтр павінен весці пацыента да моманту накіравання ў МРЭК.

У міністэрстве таксама запэўніваюць, што больш "хворых" не стане. Адносна прыватных цэнтраў будзе ўстаноўлены дадатковы кантроль з боку Міністэрства аховы здароўя. У прыватным цэнтры выдача бальнічнага будзе магчыма лечачым урачом сумесна з кіраўніком (намеснікам кіраўніка) арганізацыі аховы здароўя або старшынёй УКК.

У цэлым па праекце інфарматызацыі сістэмы аховы здароўя плануецца стварыць адзіную базу даных па часовай непрацаздольнасці. Цяпер такія лакальныя базы створаны ў рэгіёнах, інфармацыя адтуль сцякаецца ў РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі. Агульная база дала б магчымасць больш эфектыўна адсочваць сітуацыю з устанаўленнем часовай непрацаздольнасці.

Іншыя новаўвядзенні

Упершыню будзе прадастаўлена права выдачы ліста непрацаздольнасці па доглядзе хворага дзіцяці загадзя. Напрыклад, выдаецца ў пятніцу - у дзень агляду хворага дзіцяці, а вызваленне ад работы пазначаецца з панядзелка (не раней, чым за тры каляндарныя дні да неабходнай даты вызвалення ад работы). Гэта мера знізіць нагрузку на арганізацыі аховы здароўя шляхам змяншэння колькасці наведванняў урачоў-спецыялістаў, а таксама скароціць працягласць часовай непрацаздольнасці.

Пацыенту на бальнічным упершыню будзе выдавацца лісток непрацаздольнасці ў выпадку яго самастойнага выезду за межы рэспублікі для атрымання медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах (па рашэнні УКК арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства на аснове прадстаўленых медыцынскіх дакументаў, якія пацвярджаюць факт аказання медыцынскай дапамогі).

Міністэрства аховы здароўя плануе арганізаваць рабочую нараду па пытаннях правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці, выдачы і афармлення лістоў непрацаздольнасці (даведак) у арганізацыях аховы здароўя, на якую будуць запрошаны таксама прадстаўнікі арганізацый аховы здароўя недзяржаўнай формы ўласнасці.

Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі