
30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адносінах да ўсіх катэгорый людзей з інваліднасцю сёння выбудавана сістэмная палітыка па іх падтрымцы і рэабілітацыі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі заявіла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння людзі з інваліднасцю складаюць 6 працэнтаў ад насельніцтва краіны (гэта больш за 530 тыс. чалавек). Пытанні інваліднасці шматаспектныя. Гэта і выхаванне ў сям'і дзяцей з інваліднасцю, і страта працаздольнасці ў перыяд працаздольнага ўзросту, гэта і інваліднасць у сувязі са стратай магчымасці самаабслугоўвання, гэта значыць пры пераходзе ў пажылы ўзрост. У адносінах да ўсіх гэтых катэгорый людзей сёння выбудавана сістэмная палітыка па падтрымцы і рэабілітацыі", - адзначыла Марына Арцёменка.
Беларусь больш за 5 гадоў таму ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў, дадала намеснік міністра. "Трэба адзначыць, што і ў дзяржаўнай палітыцы, і ў грамадскай свядомасці за гэты перыяд адбыўся значны зрух у вырашэнні пытанняў інваліднасці. Мы сёння разглядаем падтрымку інвалідаў не толькі з пункту гледжання матэрыяльнай падтрымкі, а разглядаем у цэлым як неабходнасць стварэння ўніверсальнага інклюзіўнага асяроддзя, дзе кожны чалавек з інваліднасцю мог бы рэалізаваць свой патэнцыял", - сказала Марына Арцёменка.
Паводле яе слоў, інвалідам у нашай краіне аказваецца гарантаваная матэрыяльная падтрымка. "Гэта пенсія, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, а таксама сацыяльныя дапамогі на набыццё сродкаў гігіены. Варта адзначыць, што за 2021 год і дзевяць месяцаў 2022 года на гэтыя мэты ўжо накіравана каля Br6 млрд. Большасць мер таксама прадугледжана ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы "Сацыяльная абарона". Гэта дзве падпраграмы - "Сацыяльнае абслугоўванне і сацыяльная падтрымка" і "Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб". У цэлым на рэалізацыю гэтай праграмы на 5 гадоў прадугледжана больш як Br4 млрд", - дапоўніла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны.-0-