Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 кастрычніка 2019, 10:51

Арганізацыі Дзяржстандарту адзначаюць прафесійнае свята

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі Дзяржстандарту сёння адзначаюць Сусветны дзень стандартызацыі і прафесійнае свята. Адбудуцца дні адкрытых дзвярэй, дзелавыя сустрэчы і семінары, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.

Галоўная мэта мерапрыемстваў - прыцягнуць увагу да дзейнасці ў сферы тэхнічнага рэгулявання і стандартызацыі, пытанняў павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, паказаць ролю стандартаў у сучасным жыцці грамадства.

Сусветны дзень стандартызацыі адзначаецца 14 кастрычніка, у Беларусі ён з'яўляецца прафесійным святам з 2000 года. Кожны год Сусветны дзень стандартызацыі праходзіць пад пэўным дэвізам. Тэма цяперашняй падзеі - "Стандарты відэатэхналогій ствараюць глабальную пляцоўку".

У сваім традыцыйным пасланні кіраўнікі трох вядучых міжнародных арганізацый па стандартызацыі - IEC, ISO і ITU - адзначаюць, што інавацыі апошніх дзесяцігоддзяў прывялі да вялікага скачка ў паляпшэнні якасці відэа. Відэатэхналогіі сталі больш даступнымі, дапамагаючы людзям дзяліцца сваімі гісторыямі праз яркія выявы. Гэтыя дасягненні сталі магчымымі дзякуючы міжнародным стандартам.

Як адзначыў у віншаванні да Дня стандартызацыі старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі, свята з'яўляецца цудоўнай магчымасцю прадэманстраваць перавагі прысутнасці стандартаў у штодзённым жыцці, іх вызначальны ўплыў на эканамічнае развіццё і канкурэнтаздольнасць, ролю ў пашырэнні тэхналогій і інавацый.

"Беларусь сістэмна развівае стандартызацыю як фундаментальны элемент нацыянальнай інфраструктуры якасці. Гэта дзейнасць заўсёды знаходзіцца на піку запатрабаванасці прамысловасцю, бізнесам і грамадствам", - сказаў Валянцін Татарыцкі.

Ён нагадаў, што ў рэспубліцы зацверджана Стратэгія развіцця стандартызацыі да 2030 года. У ёй адлюстраваны перспектыўныя мэты, задачы і напрамкі дзейнасці. Рэалізацыя мерапрыемстваў дасць магчымасць развіваць інтарэсы нацыянальнай стандартызацыі на міжнародным і рэгіянальным узроўнях, у першую чаргу ў СНД і ЕАЭС. Таксама падрыхтаваны перспектыўны план на 2019-2030 гады па распрацоўцы каля 370 дзяржаўных і міждзяржаўных стандартаў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

"Стандарты запатрабаваны ва ўсім свеце, паколькі з'яўляюцца найбольш эфектыўным і прызнаным дакументам, што ўстанаўлівае патрабаванні да прадукцыі, паслугі, працэсу. Яны садзейнічаюць выпуску якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі і паслуг, іх прасоўванню на розныя рынкі, аптымізацыі затрат і павышэнню даверу спажыўцоў. Штогод у краіне прымаецца каля 1 тыс. новых дзяржаўных стандартаў, амаль 60-70 працэнтаў з іх гарманізаваны з міжнароднымі і еўрапейскімі патрабаваннямі", - адзначыў Валянцін Татарыцкі.

Для падтрымкі сучаснага ўзроўню нарматыўнай базы пастаянна праводзіцца аналіз стандартаў, што прымяняюцца ў галінах прамысловасці. Па выніках прымаецца рашэнне аб іх пераглядзе, унясенні змяненняў або адмене. У гэтым годзе, напрыклад, адменена больш за 290 неактуальных стандартаў.

На 2020 год прадугледжана распрацоўка звыш 430 стандартаў, якія будуць садзейнічаць развіццю і эфектыўнаму функцыянаванню розных галін. Яны датычацца такіх аб'ектаў, як сельскагаспадарчыя машыны і трактары, крыягенныя пасудзіны, цыстэрны для перавозкі небяспечных грузаў, ветраныя ўстаноўкі, лічыльнікі газу, сталь і чыгун, бытавыя электрычныя прыборы, харчовая прадукцыя, нафтапрадукты, прадукцыя лёгкай прамысловасці, пажарная тэхніка.

Па традыцыі шматгадовая добрасумленная праца і высокі прафесіяналізм лепшых спецыялістаў будуць адзначаны ганаровымі граматамі і падзякамі Дзяржстандарту. Гэтых узнагарод у 2019 годзе ўдастоены 43 спецыялісты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі