Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 красавіка 2024, 12:29

Аператыўна, якасна, скрупулёзна. Старшыня ДКСЭ пра новыя віды экспертыз і ініцыятывы ведамства

Навукова абгрунтаваныя вывады гэтых людзей, аформленыя ў выглядзе заключэння судовага эксперта, часам маюць вельмі важнае значэнне ў лёсе чалавека. Падыходзячы з усёй адказнасцю да свайго абавязку, супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выконваюць яго няўхільна - якасна, аператыўна, скрупулёзна. Не спыніцца ў сваім развіцці дазваляе пастаяннае ўдасканальванне: абмен вопытам з замежнымі калегамі, правядзенне навуковай работы і ўкараненне новых відаў і падвідаў экспетыз. Зрэшты, вельмі высокі ўзровень беларускіх экспертаў дазваляе ім самім запрашаць на абучэнне экспертаў з іншых краін. У сувязі з прафесійным святам судовых экспертаў, якое адзначаецца сёння ў Беларусі, карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляла са старшынёй ДКСЭ Аляксеем Волкавым.

- Аляксей Аляксандравіч,  Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз зарэкамендаваў сябе як прагрэсіўнае ведамства, у  якім з году ў год укараняюцца ў практыку новыя віды судовых экспертыз. Раскажыце пра новыя віды судовых экспертыз, якія ўжо праводзяцца.

- Мы актыўна працуем у напрамку ўкаранення ў практыку новых відаў экспертыз, тэхнічнага аснашчэння, імпартазамяшчэння.

За мінулы год асаблівая ўвага была ўдзелена развіццю новых відаў экспертных даследаванняў, пашырэнню пераліку вырашаемых задач, якія павінны адпавядаць сучасным патрабаванням праваахоўных органаў і судоў, грамадзян і арганізацый.

У практыку ўкаранёны новы для Беларусі від экспертыз - судова-медыцынская імунагістахімічная экспертыза, якая дазваляе даследаваць прыжыццёвасць і даўнасць цялесных пашкоджанняў.

Рэалізаваны новы падвід судовай тэхнічнай экспертызы дакументаў па вызначэнні даўнасці выканання асобных рэквізітаў у дакументах па адносным утрыманні лятучых растваральнікаў, які дагэтуль у нашай краіне не праводзіўся.

Прадоўжана работа па ўкараненні новага падвіду экспертыз металаў, сплаваў і вырабаў з іх - даследаванне вады і глебы на ўтрыманне цяжкіх металаў.

Прайшла апрабацыю методыка крыміналістычнага даследавання кампанентаў агнястрэльнай зброі па ўстанаўленні ўзроўню гуку выстралу пры стральбе.

Мы не стаім на месцы, пастаянна знаходзім новыя магчымасці для развіцця, адказваючы на выклікі сучаснасці.

- Як ідуць справы з аператыўнасцю і якасцю экспертыз? На які тэрмін правядзення даследавання могуць разлічваць грамадзяне і арганізацыі?

- У 2023 годзе ў месячны тэрмін праведзена 99,95 працэнта экспертыз.

Колькасць экспертыз, праведзеных у тэрмін большы за 30 дзён, мае адзінкавы характар і, як правіла, гэта абумоўлена іх складанасцю і шматаб'ектнасцю.

Аператыўнасць раскрыцця ўчыненых злачынстваў забяспечваецца, у тым ліку, дзякуючы аснашчэнню тэрытарыяльных падраздзяленняў неабходнай колькасцю смартфонаў у мэтах фотафіксацыі абстаноўкі месцаў здарэнняў і далейшай неадкладнай перадачай следавой інфармацыі для праверкі ў цэнтралізаванай аўтаматызаванай дактыласкапічнай ідэнтыфікацыйнай сістэме "ДАКТО 2000", што садзейнічае раскрыццю злачынстваў па гарачых слядах.

Акрамя аператыўнасці, Дзяржаўным камітэтам на пастаяннай аснове праводзіцца мэтанакіраваная работа па павышэнні якасці праводзімых экспертыз.

Дасягненне высокіх вынікаў стала магчыма дзякуючы пэўнаму правільна пабудаванаму алгарытму работы. Заключэнні экспертаў яшчэ на стадыі праектаў вывучаюцца кіраўнікамі і найбольш вопытнымі калегамі. Ідзе пастаянная работа з архівам электронных копій заключэнняў, экспертамі выконваюцца кантрольныя заданні, з іх удзелам праводзяцца заняткі, семінары і канферэнцыі.

- Дарэчы пра тэхнічнае аснашчэнне. Правядзенне судовых экспертыз прадугледжвае стварэнне спецыяльных умоў. Скажыце, у якіх умовах працуюць судовыя эксперты?

- Падрыхтоўка тэхнічнай базы для работы судовых экспертаў з'яўляецца важнейшым пытаннем, кантралюемым ведамствам. У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз у адпаведнасці з зацверджаным планам абнаўляюцца і адкрываюцца новыя будынкі з самым сучасным абсталяваннем.

Так, у снежні 2023 года пасля правядзення капітальнага рамонту ўведзены ў эксплуатацыю будынак Барысаўскага міжраённага аддзела. Літаральна нядаўна, 18 красавіка, уведзены ў эксплуатацыю аб'ект Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы: экспертна-лабараторны корпус упраўлення па Гомельскай вобласці.

Для работы судовых экспертаў створаны ўсе неабходныя ўмовы. Кабінеты і лабараторыі аснашчаны сучаснымі інжынернымі сістэмамі, а таксама ўкамплектаваны новым абсталяваннем, мэбляй і аргтэхнікай.

- Як удаецца развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ва ўмовах сучаснага нестабільнага светапарадку?

- У плане развіцця міжнароднага супрацоўніцтва мінулы год стаў для нас вельмі насычаным. Лічбы не дадуць схлусіць: арганізаваны і праведзены 2 міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, падпісаны 3 міжнародныя дакументы (1 міжнародны дагавор і 2 мемарандумы), экспертнае ведамства наведалі 167 замежных прадстаўнікоў у складзе 43 дэлегацый. Для абмену вопытам 58 супрацоўнікаў і асоб цывільнага персаналу Дзяржаўнага камітэта накіраваны ў службовыя камандзіроўкі за граніцу.

У кастрычніку 2023 года адбылася чарговая анлайн-сустрэча з судовымі экспертамі Арганізацыі судовай медыцыны Ісламскай Рэспублікі Іран, прысвечаная пытанням судова-медыцынскіх экспертыз. На бягучы год запланавана правядзенне трох анлайн-семінараў.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз стаў ініцыятарам падрыхтоўкі праекта Пагаднення аб утварэнні Каардынацыйнага савета дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы судова-экспертнай дзейнасці.

Работа Каардынацыйнага савета дазволіць аб'яднаць намаганні судова-экспертных арганізацый краін СНД, дасць магчымасць экспертам розных краін абменьвацца вопытам, разам вырашаць пастаўленыя задачы, працаваць над павышэннем якасці экспертнай дзейнасці, аператыўна прымаць рашэнні.

Вынікам праведзенай работы стала падпісанне пагаднення на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Бішкеку.

У верасні 2024 года Беларусь прыме першае пасяджэнне Савета.

- Генеральнай пракуратурай у красавіку 2021 года ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Раскажыце пра ролю Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у гэтай справе.
 
- У ходзе расследавання крымінальнай справы Дзяржаўным камітэтам праведзена 235 розных экспертыз. Даследаваны больш за 600 тыс. аб'ектаў: фрагменты касцявых астанкаў, кулі і гільзы, узятыя з месцаў пахаванняў.

Судовыя эксперты ва ўсіх рэгіёнах краіны прынялі ўдзел у аглядзе больш як 140 месцаў здарэнняў і мяркуемых месцаў масавага пахавання мірных жыхароў, у правядзенні такіх следчых дзеянняў, як допыты пацярпелых і сведак, агляды дакументаў.

Напрыклад, зусім нядаўна ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз паступіў медальён, знойдзены ў час пошукавых работ у месцы масавага знішчэння мірных грамадзян і ваеннапалонных ва ўрочышчы Уручча Мінскага раёна. Пасля яго адкрыцця ўсярэдзіне знойдзены захаваны папяровы ўкладыш, што з'яўляецца рэдкасцю, таму што мінула шмат часу з моманту яго змяшчэння ў медальён.

У выніку скрупулёзных і ўмелых дзеянняў судовых экспертаў укладыш быў выняты без дадатковых пашкоджанняў і прыведзены ў стан, прыдатны для паўнацэннага і ўсебаковага крыміналістычнага даследавання. З дапамогай спецыяльнага крыміналістычнага абсталявання, з прымяненнем сучасных спецыяльных метадаў даследавання, у тым ліку лічбавай апрацоўкі відарысаў, удалося ўстанавіць даныя загінулага ваеннаслужачага ў час Вялікай Айчыннай вайны - радавога Файнберга Капеля Мойшавіча, 1910 года нараджэння, які быў прызваны Лунінецкім РВК.

- Аляксей Аляксандравіч, чытаючы ў сродках масавай інфармацыі аб рабоце і дасягненнях судовых экспертаў у прафесійнай сферы, складаецца ўражанне, што эксперт гэта чалавек, які ў рэжыме 24/7 заняты работай. Ці застаецца час на хобі?

- Вы правільна заўважылі. З надыходам ночы наша работа не заканчваецца. Калі ўчыняецца нейкае злачынства, спецыяліст Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выязджае ў складзе следча-аператыўнай групы на месца здарэння для правядзення агляду. У 2023 годзе судовыя эксперты прынялі ўдзел у 44450 аглядах месцаў здарэнняў.

Наша работа патрабуе не толькі сур'ёзнай навуковай падрыхтоўкі, прававых ведаў і ўменняў прымяняць сучасныя тэхналогіі на практыцы, але і выключнай адданасці Радзіме, поўнай самааддачы ў забеспячэнні яе нацыянальных інтарэсаў.

Разам з тым, у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз удзяляецца вялікая ўвага спорту, развіццю фізічных і інтэлектуальных здольнасцей экспертаў.

У пацвярджэнне сваіх слоў магу прывесці некалькі прыкладаў нашых дасягненняў за апошні час: у турнірах, арганізаваных БФСТ "Дынама" каманда экспертнага ведамства па валейболе заняла 3-е месца, па лыжных гонках двое нашых супрацоўнікаў у асабістым заліку занялі трэція месцы, у чэмпіянаце па стральбе з табельнай зброі каманда Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз заняла 2-е падагульняючае месца, а ў некаторых практыкаваннях у асабістым заліку супрацоўнікі займалі і 1-я месцы. Прадстаўнік нашага ведамства заняў 3-е месца ў асабістым заліку на XIII міжведамасным шахматным турніры памяці Героя Савецкага Саюза М.А.Міхайлашава.

У Дзяржаўным камітэце супрацоўнікі і работнікі не толькі не абмяжоўваюцца ў выбары хобі і захапленняў, але і ўсяляк заахвочваюцца для займання спортам і дасягнення высокіх вынікаў.

БЕЛТА.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі