Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2019, 09:00

Апарат ШВЛ і канцэнтратар кіслароду перададзены РНПЦ дзіцячай анкалогіі

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя і Беларуская праваслаўная царква перадалі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі медыцынскае абсталяванне - апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх для кабінета магнітна-рэзананснай тамаграфіі і канцэнтратар кіслароду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Медыцынскую ўстанову 17 студзеня наведалі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і міністр аховы здароўя Валерый Малашка. Яны сустрэліся з пацыентамі і медперсаналам, выказалі падтрымку бацькам дзяцей, якія знаходзяцца тут на лячэнні.

Як адзначыла дырэктар РНПЦ Вольга Алейнікава, перададзенае абсталяванне вельмі неабходна. У 2018 годзе Міністэрства аховы здароўя закупіла для патрэб цэнтра МРТ, але не хапала апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Таму даследаванні маленькіх дзяцей, якім патрабаваўся наркоз, даводзілася рабіць у абласной дзіцячай бальніцы. Цяпер у цэнтра з'явіўся свой спецыяльны апарат для магнітнага тамографа.

"Многія дзеці, якія знаходзяцца ў гэтым цэнтры, маюць цяжкія захворванні. Яны атрымліваюць вельмі дарагое і высокатэхналагічнае лячэнне, якое забяспечвае дзяржава", - сказаў Валерый Малашка. Міністэрства аховы здароўя і далей гатова падтрымаць ідэі і ініцыятывы наконт новых тэхналогій, пратаколаў лячэння, якія будуць прапаноўвацца цэнтрам.

РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі разлічаны на 198 ложкаў. Тут праводзіцца лячэнне дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў з усімі відамі гематалагічнай і анкалагічнай паталогіі (за выключэннем раку шчытападобнай залозы) і прыроджанымі імунадэфіцытамі, а таксама маладым дарослым (18-29 гадоў) з вострым лімфабласным лейкозам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі