Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 красавіка 2019, 16:15

Анфімаў: народны кантроль павінен грунтавацца на неабыякавасці людзей

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рух народнага кантролю можа быць адроджаны ў Беларусі. Аб гэтым старшыня КДК Леанід Анфімаў паведаміў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Зыходзячы з вопыту работы са зваротамі грамадзян, на выязных прыёмах у рэгіёнах, вельмі шмат людзей прыходзяць не з асабістымі просьбамі, а звяртаюць увагу на недахопы, якія ёсць у іх мясцовасці. Шмат неабыякавых людзей. Менавіта на іх будзе асноўвацца касцяк руху па прыцягненні грамадскасці да кантролю за тым, што адбываецца ў краіне", - сказаў Леанід Анфімаў.

У савецкі час работа дзяржкантролю грунтавалася на аснове грамадскага ўдзелу ў гэтай дзейнасці. "Словы "Лепшы кантралёр - гэта сумленне" былі настолькі папулярнымі, што ўсё грамадства імкнулася дапамагчы выяўляць парушэнні дысцыпліны, недахопы, - прыгадаў Леанід Анфімаў. - Нават калі мы зможам прыцягнуць хаця б 10 працэнтаў таго патэнцыялу, які быў у савецкі час, гэта было б важкай падмогай".

Сёння ў сталічным парку Перамогі закладзена алея, прысвечаная 100-годдзю ўтварэння дзяржаўнага кантролю ў Беларусі. Работнікі цэнтральнага апарату КДК, ветэраны кантрольнага ведамства высадзілі 25 маладых ясеняў. Дрэўцы якраз паспеюць прыжыцца і памацнець да ўрачыстага адкрыцця алеі і закладкі памятнага знака, якія адбудуцца ў жніўні гэтага года, у дні святкавання 100-годдзя дзяржкантролю. Дарэчы, у гэтым жа годзе адзначаецца 25-годдзе з дня заснавання КДК у сённяшнім выглядзе.

"На працягу ўсіх гэтых гадоў галоўным заставалася абарона інтарэсаў дзяржавы, рацыянальнае расходаванне дзяржаўных сродкаў і выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці, барацьба з бюракратызмам, марнатраўствам, падтрымка парадку і дысцыпліны", - адзначыў Леанід Анфімаў.

Старшыня грамадскага аб'яднання ветэранаў цэнтральнага апарату КДК Уладзіслаў Цыдзік падкрэсліў: "Я адпрацаваў у сістэме дзяржкантролю 15 гадоў, пачынаючы з пасады начальніка пададдзела і заканчваючы старшынёй КДК Мінскай вобласці. І магу сказаць, што, хаця работы заўсёды было шмат, дадому вяртаўся стомленым, але з пачуццём гордасці, што зрабіў за дзень штосьці карыснае. Работнікі ж камітэта заўсёды на перадавой, перш за ўсё ў эканамічнай сферы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі