Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 13:18

Андрэйчанка: толькі ў адзінстве народа і яго з'яднанасці залог Перамогі

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У фае Авальнай залы Дома ўрада сёння адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новых мемарыяльных дошак і мітынг-рэквіем у памяць аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі і прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў нашай краіне асаблівая дата - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень з удзелам Прэзідэнта праходзяць памятныя мерапрыемствы на месцы першай гістарычнай бітвы з нямецкімі захопнікамі - у Брэсцкай крэпасці. У многіх гарадах і вёсках нашай краіны ўспамінаюць тых, хто цаной свайго жыцця абараніў Радзіму. Сярод тых, хто загінуў смерцю храбрых, былі і дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання - нашы першыя беларускія парламентарыі. Першае скліканне працавала 9 гадоў - з 1938-га па 1947 год. Выбары праводзіліся двойчы: 26 чэрвеня 1938 года выбралі 273 дэпутаты, а 24 сакавіка 1940 года пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР былі выбраны яшчэ 202 дэпутаты. Вярхоўны Савет БССР першага склікання ўзначальвала Надзея Грэкава. Яна была першай і адзінай жанчынай - старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. У яе гонар у Мінску ў мікрараёне Серабранка названы сквер", - сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

У ваенныя гады дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання гераічна змагаліся на франтах, былі актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху і падполля, працавалі ў тыле.

"За асабістую мужнасць і адвагу многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Але не ўсім было наканавана пазнаць радасць Перамогі, якую яны набліжалі. Многія загінулі ў баях, былі расстраляны, закатаваны фашыстамі або прапалі без вестак, - адзначыў спікер. - Як вы ведаеце, у фае Авальнай залы дзесяцігоддзямі захоўвалася памяць аб 26 дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні 80-годдзя пачатку вайны была праведзена маштабная пошукавая работа, якая атрымала шырокую грамадскую падтрымку, у тым ліку з боку маладых людзей. У выніку нам удалося даведацца пра імёны і лёсы яшчэ 68 дэпутатаў, якія загінулі і зніклі без вестак у тыя вогненныя гады. І сёння, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, мы адкрываем імёны 94 дэпутатаў, якія загінулі або прапалі без вестак, змагаючыся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, за перамогу над нацызмам".

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што яны гордасць шматнацыянальнай беларускай дзяржавы, узор стойкасці, мужнасці, накіраванасці да перамогі як у ратнай справе, так і на ніве мірнай стваральнай працы, прыклад для пераймання для цяперашняга і будучых пакаленняў.

Спікер звярнуўся да моладзі: "Будзьце здольныя ўзяць на сябе адказнасць за заўтрашні дзень. Любіце сваю радзіму і захоўвайце ў сэрцах памяць аб вялікім гістарычным мінулым нашай краіны, яе слаўных героях. Бо народ жыве, пакуль жыве гістарычная памяць, - заявіў ён. - Галоўны ўрок Вялікай Айчыннай вайны ў тым, што толькі ў адзінстве народа, яго з'яднанасці, самаадданасці, сіле волі і духу - залог Перамогі. Памяць аб гэтым дапаможа нам абараніць незалежнасць нашай краіны, мір, свабоду і незалежнасць беларускага народа, пераадолець усе цяжкасці на шляху суверэннага развіцця Беларусі".

У ходзе мерапрыемства таксама адбылася прэзентацыя выдання "Яны былі першымі" (кніга прысвечана 94 дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі і зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны) і тэматычнага раздзела міжнароднага праекта "Лічбавая зорка".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі