Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 студзеня 2020, 15:46

Андрэйчанка разам з сусветнымі лідарамі ўсклаў вянок да мемарыяла гісторыі халакосту ў Іерусаліме

24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка разам з сусветнымі лідарамі ўсклаў вянок у мемарыяльным комплексе гісторыі халакосту ў Іерусаліме. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка 23 студзеня прыняў удзел у пасяджэнні Пятага Сусветнага форуму лідараў, прысвечанага Міжнароднаму дню памяці ахвяр халакосту і 75-й гадавіне вызвалення Асвенціма. Мерапрыемства "Помніць пра Халакост: змагацца з антысемітызмам" прайшло ў мемарыяльным комплексе "Яд Вашэм". Удзельнікамі гэтай значнай падзеі сталі больш за 45 кіраўнікоў дзяржаў, членаў каралеўскіх сем'яў, прэзідэнтаў, прэм'ер-міністраў і кіраўнікоў парламентаў з Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі.

Праграма афіцыйнага візіту спікера была насычанай - 21 студзеня Уладзімір Андрэйчанка наведаў жалобны мітынг, які прайшоў у гаі памяці "Яр а-Кдушым" пад Іерусалімам, арганізаваны Усеізраільскім аб'яднаннем выхадцаў з Беларусі і арганізацыяй "Бейт Глыбокае". Старшыня Палаты прадстаўнікоў усклаў да памятнага месца вянок ад імя Нацыянальнага сходу Беларусі і перадаў арганізацыі "Бейт Глыбокае" зямлю з мясцін пахавання вязняў Глыбоцкага гета, дзе загінулі больш за 10 тыс. яўрэяў, а таксама з тэрыторыі масавага знішчэння яўрэяў з населеных пунктаў Пліса і Празарокі Глыбоцкага раёна.

У той жа дзень адбылася сустрэча Уладзіміра Андрэйчанкі са спікерам Кнесета Ізраіля Ёэлем Эдэльштэйнам. Бакі абмеркавалі перспектывы развіцця двухбаковага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, пытанні ўдзелу пытанні ўдзелу дэпутатаў у рабоце сумеснага беларуска-ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве і рэалізацыі дамоўленасцей аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Ізраілем і ЕАЭС.

Акрамя таго, у час наведвання гэтай краіны прайшлі сустрэчы з кіраўнікамі парламентаў Азербайджана і Літвы.

22 студзеня старшыня Палаты прадстаўнікоў наведаў мемарыяльны комплекс гісторыі Халакосту "Яд Вашэм" і правёў сустрэчу з дырэктарам архіва мемарыяла Хаімам Гертнерам, на якой абмяркоўваліся магчымыя сумесныя дзеянні ў галіне захавання гістарычнай памяці. Уладзімір Андрэйчанка перадаў у музей "Яд Вашэм" копіі дакументальных матэрыялаў аб загінулых у гады вайны дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання і запрасіў кіраўніцтва мемарыяла прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных памяці ахвяр гета, знішчанага фашыстамі ў 1943 годзе, якія пройдуць у жніўні ў Глыбокім.

У той жа дзень у рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы адбылася кароткая размова Уладзіміра Андрэйчанкі з Прэзідэнтам Ізраіля Рэўвенам Рыўліным. Старшыня Палаты прадстаўнікоў перадаў прывітанне ад Аляксандра Лукашэнкі. У сваю чаргу Рэўвен Рыўлін прасіў перадаць найлепшыя пажаданні Прэзідэнту Беларусі і ўдзячнасць за ўдзел краіны ў мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту і 75-й гадавіне вызвалення Асвенціма.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі