15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канкрэтныя прапановы па змяненні Канстытуцыі трэба ацэньваць узважана і асцярожна. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Канстытуцыйнай камісіі Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што Канстытуцыя - гэта вельмі сур'ёзны дакумент, фундамент прававой сістэмы любой дзяржавы, і, на яго думку, патэнцыял дзеючай Канстытуцыі далёка не вычарпаны. Работа над падрыхтоўкай паправак у гэты важнейшы дакумент павінна быць усебаковай і дасканалай. "Таму Канстытуцыйную камісію чакае сур'ёзная работа. Да прапаноў трэба падыходзіць вельмі асцярожна, узважана, ацэньваць іх крытычна, - упэўнены ён. - Многае з таго, што зроблена, можа, і не трэба мяняць. Шмат супярэчлівых прапаноў з тых, што паступілі ўжо".
Сярод магчымых змяненняў, якія давядзецца абмеркаваць, спікер Палаты прадстаўнікоў назваў, напрыклад, правядзенне адзінага дня галасавання. Такая ініцыятыва, у прыватнасці, зыходзіла ад грамадзян, гэта дасць магчымасць і сэканоміць бюджэтныя сродкі.
Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу, што ў склад Канстытуцыйнай камісіі ўвайшлі кампетэнтныя прадстаўнікі розных сфер: юрысты, парламентарыі, удзельнікі грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі. "Камісію чакае вельмі вялікая і няпростая работа", - адзначыў спікер палаты парламента. Што датычыцца тэрмінаў яе работы, то, паводле яго слоў, не пазней за жнівень-верасень бягучага года трэба абагульніць усе прапановы "з такім разлікам, каб потым была магчымасць абмеркаваць гэты праект з насельніцтвам, і пасля абмеркавання яшчэ раз вярнуцца і ўжо прадставіць канчатковы вынік на рэферэндум", які запланаваны на пачатак 2022 года.
"Мы настроены на работу, каб краіна і далей развівалася, каб грамадства было адзіным, каб у краіне былі мір, спакой, згода", - падагульніў Уладзімір Андрэйчанка.-0-




