Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 верасня 2021, 12:59

Ананіч: дзень 17 верасня стаў сімвалам нашай з'яднанасці, імкнення да міру і ўзаемаразумення

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень 17 верасня стаў сімвалам нашай з'яднанасці, імкнення да міру і ўзаемаразумення, заявіла сёння намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч у час круглага стала на тэму "Міжнацыянальны мір і згода як аснова адзінства беларускага народа", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наш дыялог праходзіць напярэдадні Дня народнага адзінства. Гэта свята ўвайшло ў наша жыццё як даніна павагі да айчыннай гісторыі, як памяць аб акце найвялікшай гістарычнай справядлівасці - уз'яднанні Заходняй і Усходняй Беларусі. Дзень 17 верасня стаў сімвалам нашай з'яднанасці і імкнення да міру і ўзаемаразумення, пераемнасці пакаленняў, непахіснасці і самадастатковасці беларускай нацыі і дзяржаўнасці, - сказала Лілія Ананіч. - Пры ўсіх адрозненнях мы адзіныя, незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, сацыяльнага статусу, адукацыі, узросту. Мы адзіныя ў сваёй павазе да нашай любімай Беларусі, нашай Радзімы. Згода, вернасць традыцыям і маральным каштоўнасцям дапамогуць нам пераадолець любыя цяжкасці і захаваць краіну незалежнай і моцнай".

Паводле слоў парламентарыя, мудрасць, разважлівасць, духоўная агульнасць былі і застаюцца лепшымі якасцямі беларускага народа. Нам вельмі важна захаваць мір і стабільнасць, лепшыя традыцыі і дасягненні, якія гэтаму садзейнічаюць. "Захаванне стабільных міжэтнічных адносін разглядаецца на дзяржаўным узроўні як адно з важнейшых дасягненняў дзяржаўнага будаўніцтва. Нацыянальная палітыка нашай краіны заснавана на разуменні беларускай нацыі перш за ўсё як суграмадзянства, а не як этнічнай агульнасці і не накіравана на пашырэнне колькасці тых сфер жыцця, дзе нацыянальны фактар мог бы мець значэнне, - адзначыла яна. - Неднаразова наш Прэзідэнт падкрэсліваў: у нас няма нацыянальных меншасцей, мы ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь".

Паводле слоў Ліліі Ананіч, адзін з самых важных фактараў міжнацыянальнай стабільнасці - дакладная і паслядоўная палітыка беларускай дзяржавы ў гэтай сферы грамадскага жыцця. Гэта адлюстравана і ў нацыянальным заканадаўстве.

"Арт. 50 Канстытуцыі замацоўвае права кожнага захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, гэтак жа як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння або ўказання нацыянальнай прыналежнасці. Згодна з законам "Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь" не дапускаюцца якое б там ні было прамое або ўскоснае абмежаванне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь за іх прыналежнасць да нацыянальных меншасцей, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі. Рэспубліка Беларусь гарантуе грамадзянам, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцей, роўныя палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя правы і свабоды. У тым ліку права на атрыманне дапамогі з боку дзяржавы ў справе развіцця сваёй нацыянальнай культуры, вывучэння роднай мовы, права на захаванне нацыянальных традыцый, развіццё прафесійнага і самадзейнага мастацтва, права займаць любыя пасады ў дзяржаўных органах і іншыя", - падкрэсліла дэпутат.

Лілія Ананіч дадала, несумненна мы ўсе цэнім, што ў нашай краіне пануе міжнацыянальны мір і згода. "Гэта вынік узважанай і паслядоўнай палітыкі дзяржавы. Такім адзінствам нам трэба даражыць і ўмацоўваць яго ўсімі сіламі, сродкамі і магчымасцямі. У тым ліку і ў парламенцкім вымярэнні", - канстатавала яна.

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў праходзіць круглы стол на тэму "Міжнацыянальны мір і згода як аснова адзінства беларускага народа". Мерапрыемства праводзіцца напярэдадні святкавання Дня народнага адзінства ў мэтах кансалідацыі беларускага грамадства на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці краіны, вывучэння правапрымяняльнай практыкі дзеючага заканадаўства ў сферы міжнацыянальных адносін і яго далейшага развіцця.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць парламентарыі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, кіраўнікі дыяспар.

У час работы круглага стала будзе дадзены старт фотафестывалю пад эгідай Палаты прадстаўнікоў для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ "У кадры - Год народнага адзінства". Лепшыя фота будуць прадстаўлены ў парламенце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі