ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 24 лютага 2020
Мінск Ясна 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 студзеня 2020, 14:01

Аналітык БІСД: патрэбнасць грамадства ў пераменах важна сумясціць з запатрабаваннем на стабільнасць

Валянцін Старычонак
Валянцін Старычонак

29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Існуючую ў сучасным грамадстве патрэбнасць у пераменах важна сумясціць з запатрабаваннем на стабільнасць. Такое меркаванне выказаў у час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Канстытуцыйная рэформа ў Расіі" ў прэс-цэнтры БЕЛТА аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Валянцін Старычонак.

Сучаснае грамадства больш дынамічнае, і ў ім узнікаюць новыя патрэбнасці і каштоўнасці. У часткі грамадства можа быць запатрабаванне на якія-небудзь перамены, другая частка зацікаўлена ў стабільнасці. "Тады трэба неяк сумясціць гэтыя паняцці, таму што перамены таксама могуць быць рознымі - або канструктыўнымі, або могуць прывесці да дэстабілізацыі сістэмы. Але лічыцца з гэтым запатрабаваннем трэба", - сказаў Валянцін Старычонак.

Аналітык звярнуў увагу на каштоўнасць самавыяўлення. "Асабліва моладзь хоча самарэалізавацца, паказаць сябе, удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці, праявіць сябе нейкім чынам. А ў нас дзяржаўная палітыка сканцэнтравана на патэрналізме. І, мне здаецца, існуе нейкі перакос у бок фарміравання патэрналісцкіх настрояў у нашых грамадзян. Гэта выклікае апатыю, у тым ліку ў палітычных працэсах, і дзесьці не дае задаволіць каштоўнасці самавыяўлення або штурхае народ да таго, каб ён у большай ступені спадзяваўся на дзяржаву, чым на самога сябе", - лічыць Валянцін Старычонак.

Эксперт згадаў і аб каштоўнасці выбару. "Калі мы зойдзем у любы магазін, то ўбачым разнастайнасць. І такой жа разнастайнасці людзі нават на падсвядомым узроўні чакаюць ад палітычнай сістэмы. У гэтай сітуацыі парламент, напэўна, мог бы стаць пляцоўкай, дзе фарміруецца разнастайнасць поглядаў, альтэрнатыў, а насельніцтва магло б нейкім чынам паглядзець на палеміку, на розныя пункты гледжання", - дадаў ён.

Тэму стабільнасці і перамен прадоўжыў загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ доктар юрыдычных навук, прафесар Рыгор Васілевіч. На яго думку, гэтыя запатрабаванні сумяшчаюць паняцце ўстойлівага развіцця. Яго дынаміка залежыць у тым ліку ад таго, як працуе прадстаўнічая вертыкаль. Паколькі яна ў першую чаргу ўяўляе сабой грамадскі кантроль за выканаўчай уладай. На павышэнне эфектыўнасці гэтай звязкі нацэлена, сярод іншага, канстытуцыйная рэформа ў Расіі. "На вялікіх прасторах Расійскай Федэрацыі павінна быць добрая цэнтралізацыя ўлады", - лічыць эксперт, растлумачыўшы, што з-за яе недахопу існуе незбалансаванасць у тэмпах развіцця рэгіёнаў. "Запатрабаванні ў грамадзян - каб забяспечваліся ўсе правы і свабоды, эканамічны дабрабыт. Для гэтага павінна працаваць належным чынам улада. Таму ў Канстытуцыі і закладваецца тая норма, якая нацэльвала б чыноўнікаў на тое, што жыццё людзей павінна быць забяспечана належным чынам", - нагадаў Рыгор Васілевіч. У гэтых адносінах паказальны прыклад Беларусі, дзе неабходная цэнтралізацыя ўлады прысутнічае. "Але да гэтай цэнтралізацыі трэба дабавіць яшчэ больш актыўны ўдзел менавіта прадстаўнічай галіны ўлады, мясцовых Саветаў дэпутатаў", - лічыць ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі