
24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Штам амікрон каранавіруснай інфекцыі хутка распаўсюджваецца ў тым ліку і ў Беларусі: у Мінску сярод усіх цыркулюючых штамаў COVID-19 ён перавышае палову. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ расказала першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова, паведамляе БЕЛТА.
"Паводле даных эпідэміёлагаў за апошні тыдзень, сярод цыркулюючых штамаў каранавіруса па горадзе Мінску больш за 50 працэнтаў - гэта ўжо амікрон. Па рэгіёнах удзельная вага амікрона крыху ніжэйшая, але гэта справа часу. Таму амікрон у нас ёсць, і пакуль нельга сказаць, што ён адзіны - таксама цыркулююць дэльта і грып", - расказала Алена Краткова.
Амікрон мае некаторыя адрозненні ад папярэдніх штамаў, у прыватнасці, ад штама дэльта. "Ён мае меншую патагеннасць, але больш высокую кантагіёзнасць, інакш кажучы распаўсюджваецца хутчэй, чым дэльта, - сказала Алена Краткова. - Вялікая колькасць мутацый, якія адбыліся ў спайк-бялку - гэта бялок-шып, якім ён чапляецца за клетку, за рэцэптар, - дае яму магчымасць абыходзіць імунную ахову. Акрамя таго, ёсць інфармацыя, што ён змяніў сваю методыку пранікнення ў клетку. І таму паміж клеткамі амікрон вельмі хутка перамяшчаецца. Гэта таксама яго асаблівасць".
Гэты штам найбольш закранае бронхі і бранхіёлы, дэльта-вірус - альвеолы. Паводле назіранняў, ён мае пяць асноўных найбольш распаўсюджаных сімптомаў: сухі рэдкі кашаль, галаўны боль, стамляльнасць, насмарк або заложанасць носа, прыкметы кан'юктывіту.
Ёсць выпадкі захворвання сярод вакцынаваных. Але прышчэпка значна зніжае рызыку цяжкіх форм і верагоднасць шпіталізацыі. "Калі мы гаворым пра амікрон, то, паводле даных літаратуры, у сем разоў вакцынацыя павышае ўстойлівасць арганізма супраць амікрона. І на дзве трэці зніжаецца рызыка шпіталізацыі", - дадала медык.
Яна нагадала, што планавалася на пачатак гэтага года дасягнуць планкі 50 працэнтаў вакцынацыі насельніцтва, а да красавіка - 60 працэнтаў. На сённяшні дзень 55,4 працэнта насельніцтва правакцынаваны першым кампанентам.-0-