Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лістапада 2019, 18:18

Амаль усе ВНУ Беларусі будуць развіваць канцэпцыю "Універсітэт 3.0"

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэпцыю "Універсітэт 3.0" падтрымліваюць у Беларусі восем ВНУ, у перспектыве такую ініцыятыву падтрымаюць практычна ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у час прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Каспяровіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Канцэпцыя "Універсітэт 3.0" была прапанавана на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з навуковай грамадскасцю ў Нацыянальнай акадэміі навук у красавіку 2017 года. Яна прадугледжвае стварэнне ўнутры ўніверсітэтаў інтэграванага адукацыйнага, навуковага і прадпрымальніцкага асяроддзя для камерцыялізацыі навуковых распрацовак, а таксама накіравана на выкананне задач па павышэнні якасці і эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў.

"Канцэпцыя "Універсітэт 3.0", якую развівае ўжо восем універсітэтаў, сёння паспяхова рэалізуецца. У перспектыве мы бачым практычна ўсе ўніверсітэты ўдзельнікамі гэтага праекта. У нашых ВНУ створаны адпаведныя ўмовы для правядзення даследчых мерапрыемстваў, развіцця стартапаў, зон каворкінгаў. Студэнты імі паспяхова карыстаюцца. І не трэба думаць, што гэта толькі навучэнцы ІТ-спецыяльнасцей. Задзейнічана шырокае кола студэнтаў тэхнічных і тэхналагічных спецыяльнасцей і не толькі", - сказаў Сяргей Каспяровіч. Паводле яго слоў, канцэпцыя "Універсітэт 3.0" дае магчымасць не толькі студэнтам стаць больш падрыхтаванымі да прафесійнай дзейнасці, але і стымулюе да развіцця педагогаў. "Памылкова лічыць, што выкладчык вышэйшай школы - гэта чалавек, які толькі перадае веды. Ён разам са студэнтам у першую чаргу - даследчык", - заўважыў прадстаўнік Міністэрства адукацыі.

Яшчэ адзін новы напрамак, да якога з часам могуць далучыцца ўсё больш беларускіх ВНУ, - гэта канцэпцыя "Лічбавага ўніверсітэта". Сёння лідарам у развіцці гэтай ініцыятывы з'яўляецца БДУІР, дзе digital-тэхналогіі актыўна ўкараняюцца не толькі ў навучальным асяроддзі, але і ў працэсе кіравання ўніверсітэтам. Гэта дае магчымасць сістэматызаваць і апрацоўваць даныя, накопленыя ў выніку работы студэнтаў і выкладчыкаў, праводзіць аналітыку і выпрацоўваць кіраўніцкія рашэнні. Сур'ёзныя напрацоўкі пры развіцці ініцыятывы лічбавага ўніверсітэта маюць таксама БДУ, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі