Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 жніўня 2018, 18:59

Амаль палавіна тых, хто атрымаў субсідыі на сваю справу, жывуць у вёсцы і ў малых гарадах

8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль палавіна беспрацоўных, якія атрымалі субсідыі на арганізацыю сваёй справы, пражываюць у вёсцы і ў малых гарадах, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

"У I паўгоддзі 2018 года субсідыю для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці атрымалі 923 беспрацоўныя, у тым ліку для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці - 771 чалавек, рамеснай - 143, арганізацыі дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму - 9 беспрацоўных, - адзначылі ў Мінпрацы. - Пры гэтым з агульнай колькасці беспрацоўных, якія атрымалі фінансавую падтрымку для арганізацыі самазанятасці, 179 чалавек (19,4 працэнта) жывуць у сельскай мясцовасці, 254 чалавекі (27,5 працэнта) - у малых гарадах".

Больш за ўсё субсідый за названы перыяд выдадзена ў Гомельскай вобласці - 215, следам ідуць Магілёўская - 163 і Мінская - 141. У Віцебскай і Гродзенскай абласцях субсідыю атрымалі па 115 чалавек, у Брэсцкай - 99, у Мінску - 75.

У першую чаргу на такое садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцтва могуць прэтэндаваць беспрацоўныя, якія ў сувязі з сітуацыяй на рынку працы не могуць знайсці прыдатнай работы, пры гэтым імкнуцца арганізаваць найбольш значныя для сваёй тэрыторыі віды бізнесу.

Субсідыя прадастаўляецца ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (з 1 жніўня БПМ складае Br213,67), што дзейнічае на дату заключэння органамі па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне з беспрацоўным дагавора аб прадастаўленні садзейнічання.

Калі беспрацоўны арганізуе ІП, рамесніцтва або дзейнасць у сферы аграэкатурызму па месцы жыхарства ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, пералік якіх вызначаецца дзяржаўнай і (або) абласнымі праграмамі садзейнічання занятасці насельніцтва, а таксама ў сельскіх населеных пунктах, субсідыя прадастаўляецца ў памеры 15-кратнай велічыні БПМ.

Калі арганізуемая прадпрымальніцкая дзейнасць звязана з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, памер субсідыі дасягае 20-кратнай велічыні БПМ.

"Служба занятасці не толькі дапамагае фінансавымі рэсурсамі, але і аказвае арганізацыйную падтрымку: беспрацоўных інфармуюць аб парадку і ўмовах садзейнічання ў адкрыцці бізнесу, у выпадку неабходнасці накіроўваюць на прафнавучанне, дапамагаюць падрыхтаваць дакументы для атрымання фінансавай дапамогі. Так, з ліку атрымаўшых субсідыю прайшлі навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці па накіраваннях службы занятасці 560 чалавек", - рэзюмавалі ў міністэрстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі