4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 40 супрацоўнікаў МУС будуць пазбаўлены спецыяльных званняў, паведаміў журналістам міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта ініцыятыва Міністэрства ўнутраных спраў. Мы падрыхтавалі хадайніцтва аб пазбаўленні спецыяльных званняў - званняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў нашых былых супрацоўнікаў, назаву іх так. Хоць іх не зусім прыемна называць сваімі калегамі. Гэта тыя, хто проста памыліўся ў выбары прафесіі і ў пэўны момант, калі былі пэўныя цяжкасці, паклаў пасведчанне, адмовіўся выконваць свае службовыя абавязкі. Такіх супрацоўнікаў няшмат, але яны, на жаль, былі. Недзе да 40 супрацоўнікаў па ўсёй краіне. Усе яны звольнены з органаў унутраных спраў", - сказаў Іван Кубракоў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падпісаў указ нумар 174, у адпаведнасці з якім больш за 80 былых ваеннаслужачых і супрацоўнікаў розных сілавых ведамстваў пазбаўлены воінскіх і спецыяльных званняў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Згодна з заканадаўчымі актамі Беларусі ваеннаслужачыя і супрацоўнікі сілавых ведамстваў, якія ў тым лiку знаходзяцца ў запасе або ў адстаўцы, могуць быць пазбаўлены воінскага (спецыяльнага) звання па рашэнні кіраўніка дзяржавы.
У перыяд абвастрэння грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне з мэтай яе дэстабілізацыі асобныя ваеннаслужачыя і супрацоўнікі сілавых ведамстваў нагняталі пратэсныя настроі ў грамадстве, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, размяшчалі ў сетцы Інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы, заклікалі да радыкальных дзеянняў, публікавалі асабістыя даныя дзяржаўных служачых, журналістаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, выступалі з абвінавачаннямі, абразамі і пагрозамі ў іх адрас. Дыскрэдытуючы гонар і годнасць ваеннаслужачага і супрацоўніка, праяўлялі непавагу да дзяржаўных сімвалаў, выкідвалі службовыя пасведчанні, здымалі пагоны, адмаўляліся ад выканання службовых абавязкаў. У адносінах да шэрага з іх узбуджаны і расследуюцца крымінальныя справы, у тым ліку за арганізацыю актаў тэрарызму.-0-