Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 верасня 2019, 15:11

Амаль 40 працэнтаў жыхароў Беларусі плануецца прышчапіць ад грыпу ў 2019 годзе

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 40 працэнтаў жыхароў Беларусі плануецца прышчапіць ад грыпу ў 2019 годзе, паведаміла журналістам намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым сезоне прадаўжаем вакцынацыю супраць грыпу ўсіх падлягаючых кантынгентаў, якім штогод робім прышчэпкі. Як і на працягу апошніх некалькіх гадоў, плануем прышчапіць каля 40 працэнтаў насельніцтва", - сказала Іна Карабан.

За кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў насельніцтва будуць прышчапляць вакцынай "Грыпол плюс" (Расія), бясплатна вакцынуюць групы рызыкі. Прадпрыемствы могуць самі выбраць, якую вакцыну яны будуць закупляць для вакцынацыі сваіх супрацоўнікаў. Акрамя названай, зарэгістраваны "Ваксігрып" (Францыя), "Інфлювак" (Нідэрланды), "Ваксігрып Тэтра" (Францыя). "Выбар вакцын даволі вялікі, я думаю, што нашаму насельніцтву ёсць з чаго выбраць", - адзначыла намеснік начальніка аддзела.

З 2012 года вакцынацыя супраць грыпу ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі і праводзіцца на бясплатнай аснове некаторым групам насельніцтва. У іх ліку дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы з імунасупрэсіяй, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікі дзяржорганаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.

За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў бясплатна вакцынуюцца школьнікі, іншыя дзеці, якія наведваюць арганізаваныя калектывы, студэнты.

Паводле слоў загадчыцы аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Веранікі Высоцкай, масавая вакцынацыя пачнецца прыкладна з пачатку кастрычніка, магчыма, крыху раней, калі вакцына пройдзе лабараторны кантроль. Прышчэпачную кампанію плануецца завяршыць да 1 снежня. Уздым захваральнасці на грып чакаецца ў традыцыйны тэрмін - у студзені-лютым.

"Працягласць імунітэту пасля вакцынацыі захоўваецца да 6-12 месяцаў. Яго асаблівасць паступовага згасання - заканамерны працэс. Гэта ў тым ліку адна з прычын, чаму прышчэпкі супраць грыпу трэба рабіць штогадова", - дадала Вераніка Высоцкая.

Каб сфарміраваўся імунітэт, неабходна ад 7 жа 21 дня.

Спецыялісты ўпэўнены: толькі вакцынацыя - спецыфічны сродак прафілактыкі. Ніякія іншыя мерапрыемствы не аказваюць непасрэднага ўплыву на вірус, а проста з'яўляюцца мерамі прафілактыкі супраць рэспіраторных вірусаў. Усяго налічваецца больш за 200 вірусаў, якія могуць выклікаць рэспіраторныя захворванні, што па клінічнай карціне не адрозніваюцца ад грыпу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі