Сцяг Панядзелак, 2 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 красавіка 2019, 13:55

Амаль 390 тыс. дзяцей пройдуць аздараўленне гэтым летам у Беларусі

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 390 тыс. дзяцей пройдуць аздараўленне летам - гэта прыкладна на 9 тыс. больш, чым у мінулым годзе. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускія здраўніцы і аздараўленчыя арганізацыі стабільна працуюць і рыхтуюцца да самага актыўнага - летняга сезона. Больш за 67 тыс. дзяцей аздаравіліся ў Беларусі на вясенніх канікулах. На гэтыя мэты з бюджэту было выдзелена больш за Br1,7 млн. "Рэспубліканскаму цэнтру на правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі выдзелена больш за Br47 млн. Мы плануем, што сёлета пройдуць аздараўленне каля 390 тыс. дзяцей. Мяркуецца, што гэта лічба павялічыцца - у мінулым годзе яна склала 380,9 тыс. дзяцей, - сказаў Генадзь Балбатоўскі. - Усе жадаючыя будуць забяспечаны летнім аздараўленнем".

Узгоднены і памер датацый на пуцёўкі ў летнія аздараўленчыя лагеры - плануецца іх павелічэнне ў межах 6 працэнтаў у залежнасці ад віду і тыпу лагераў. Так, у лагер з кругласутачным знаходжаннем датацыя складзе Br196, у дзённы 18-дзённы - Br81, кругласутачны спартыўны - Br217, 9-дзённыя профільныя - Br84-86 (у залежнасці ад профілю). Удзельная вага датацыі ў кругласутачных лагерах складзе больш за 40 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, у дзённыя і 9-дзённыя - каля 80 працэнтаў. Бацькоўская плата не перасягне 10 працэнтаў, розніца паміж памерам датацый і бацькоўскай платы кампенсуецца за кошт сродкаў прафсаюзных арганізацый, мясцовых бюджэтаў і іншых крыніц.

Чакаецца, што дзяцей у гэтым сезоне прымуць 146 стацыянарных лагераў. "Нам удалося спыніць тэндэнцыю масавага закрыцця стацыянарных лагераў. Стаіць мэта максімальна захаваць гэту базу і развіваць. У мінулым годзе, напрыклад, Br11 млн было патрачана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы лагераў. У гэтым годзе, у адпаведнасці з пастановай урада, частка сродкаў рэспубліканскага суботніка пойдзе на гэтыя ж мэты", - дадаў Генадзь Балбатоўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі