Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 мая 2022, 14:51

Амаль 300 удзельнікаў сабрала канферэнцыя па інструментальнай і лабараторнай дыягностыцы ў ГомДМУ

26 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам "Інструментальная і лабараторная дыягностыка ў клінічнай практыцы" адкрылася ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У якасці спікераў выступаюць прафесары, дацэнты з усіх беларускіх медыцынскіх ВНУ, Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Удзел таксама прымаюць акадэмікі, прафесары, урачы, спецыялісты камп'ютарнай тамаграфіі, урачы-інтэрны - усяго амаль 300 чалавек. На працягу дня ў вочна-завочным фармаце на навуковым форуме прадставяць каля 50 дакладаў па розных аспектах дыягностыкі.

Як адзначыў у размове з журналістамі загадчык кафедры БелМАПА доктар медыцынскіх навук прафесар Уладзімір Камышнікаў, клінічная лабараторная, прамянёвая, ультрагукавая дыягностыкі складаюць адзінае цэлае. "Дастаткова сказаць, што 80 працэнтаў аб'ектыўнай клінічнай інфармацыі аб стане пацыента выдаецца спецыялістамі клінічнай лабараторнай дыягностыкі", - звярнуў увагу ён.

Паводле яго слоў, пры падрыхтоўцы беларускія спецыялісты асвойваюць высокатэхналагічнае абсталяванне. "Шмат што робіцца і ў рамках праграм імпартазамяшчэння па асваенні тых тэхналогій, якія раней да нас прыходзілі з замежжа. Мы можам ганарыцца многімі інавацыйнымі рашэннямі", - дадаў Уладзімір Камышнікаў.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, загадчык кафедры БелМАПА доктар медыцынскіх навук прафесар Анатоль Міхайлаў падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі навуковай змены - кандыдатаў навук, дактароў навук, каб яны маглі падключыцца да выкладчыцкага працэсу.

"Прамянёвая дыягностыка - асноўная дыягнастычная спецыяльнасць. Усе магчымыя дыягназы пацвярджаюцца і ўдакладняюцца з дапамогай вядучых метадаў даследавання. Асабліва прамянёвай візуалізацыі, якая дае магчымасць дыягнаставаць любое захворванне ў арганізме чалавека. А своечасова пастаўлены дыягназ забяспечвае паспяховае лячэнне і ў выніку прыводзіць да зніжэння захваральнасці і смяротнасці", - адзначыў Анатоль Міхайлаў.

Канферэнцыя прымеркавана да 25-годдзя методыка-дыягнастычнага факультэта ГомДМУ. Рэктар медуніверсітэта Ігар Стома падкрэсліў: за больш чым чвэрць стагоддзя факультэт выпусціў больш як 1,5 тыс. высокакваліфікаваных спецыялістаў. "Гэта эліта дыягнастычнай службы Беларусі. Нашы спецыялісты працуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны", - сказаў ён.

Дэкан Ірына Назаранка дадала: з мінулага года на факультэце пачалі выпускаць спецыялістаў па медыка-прафілактычнай справе. "І мы адзіныя з медыцынскіх ВНУ Беларусі, хто атрымаў па спецыяльнасцях "медыка-дыягнастычная справа" і "медыка-прафілактычная справа" міжнародную праграмную акрэдытацыю па стандартах Сусветнай федэрацыі медыцынскай адукацыі", - звярнула ўвагу яна.

"Прафілактыка і дыягностыка - гэта адны з самых дынамічных галін у медыцыне. І, вядома ж, студэнты разумеюць, што яны павінны пастаянна развівацца. У нас вучоба ідзе ўсё жыццё. Таму што дыягностыка ніколі не стаіць на месцы", - рэзюмавала дэкан.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі