Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 снежня 2021, 16:01

Амаль 250 тыс. інвалідаў у Беларусі штогод атрымліваюць тэхсродкі рэабілітацыі

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 250 тыс. людзей з інваліднасцю ў Беларусі штогод атрымліваюць тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Іван Лаўрыновіч у час круглага стала "Укараненне новых тэхналогій у пратэзаванні і вырабе сродкаў рэабілітацыі" ў Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў, якія з намеснікам міністра абмеркавалі забеспячэнне сродкамі індывідуальнай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

"Каля 250 тыс. чалавек у Беларусі забяспечваюцца тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. На гэтыя мэты расходуецца больш за Br50 млн. Амаль усе сродкі рэабілітацыі бясплатныя, толькі каля 30-40 працэнтаў - на льготных умовах, гэта значыць чалавеку даводзіцца даплачваць", - расказаў Іван Лаўрыновіч.

Інваліды I групы забяспечваюцца 33 сродкамі бясплатна, у тым ліку інваліднымі крэсламі-каляскамі (сярэдні кошт крэсла-каляскі - Br1450). Яшчэ 22 сродкі рэабілітацыі прадастаўляюцца з ільготамі (з аплатай 10-50 працэнтаў кошту). Інваліды II групы атрымліваюць бясплатна 20 найменняў з пераліку, яшчэ 21 ім прадастаўляецца на льготных умовах. Інваліды III групы забяспечваюцца 9 сродкамі рэабілітацыі бясплатна.

З 64 сродкаў рэабілітацыі, прызначаных для дзяцей-інвалідаў, 54 выдаюцца бясплатна, у тым ліку такія дарагія, як крэслы-каляскі ўсіх тыпаў, апараты для штучнай вентыляцыі лёгкіх, трохколавы веласіпед, пратэзы, артэзы, артапедычны абутак, слыхавыя апараты. Астатнія 10 сродкаў рэабілітацыі выдаюцца на льготных умовах.

З 2007 года, калі быў зацверджаны дзяржаўны рэестр, колькасць найменняў уключаных у яго сродкаў рэабілітацыі павялічылася на 25 працэнтаў. Сёння ў ім налічваецца 72 сродкі.

"Лінейка гэтай прадукцыі з кожным годам расце, асабліва інавацыйных сродкаў, таму што працуе ўласнае канструктарскае бюро. Сіламі пратэзнага завода мы забяспечваем 70 працэнтаў ад агульнай колькасці (неабходных сродкаў рэабілітацыі. - Заўвага БЕЛТА), - дадаў намеснік міністра. - На наступны год запланавана каля 25 новых распрацовак, якія прайшлі ужо апрабацыю ў паліклініках, бальніцах, бяруць іх і грамадскія аб'яднанні інвалідаў".

Іван Лаўрыновіч падкрэсліў: у айчынных распрацовак якасць на ўзроўні еўрапейскіх, а цана пры гэтым ніжэйшая. І прывёў у прыклад выпадак, калі хлопчыку-мігранту з ТЛЦ на беларуска-польскай граніцы менавіта нашы ўрачы мадэрнізавалі ўстарэлы пратэз.

Беларускія каляскі і іншыя сродкі рэабілітацыі экспартуюцца ў Азербайджан, наладжваюцца пастаўкі ў Расію, Узбекістан, Арменію.

Прысутныя на мерапрыемстве маглі пераканацца ў пералічаных дасягненнях: у цэнтры была арганізавана выстаўка прадукцыі, што ствараецца яго спецыялістамі і майстрамі, з акцэнтам на найноўшых распрацоўках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі